Как зарабатывает и куда тратит деньги Обольская школа

Образование Экономика

Авечкі – гэта вам не свінні
Сёння  любая ўстанова адукацыі, не можа дазволіць сабе займацца выключна адукацыяй і выхаваннем дзяцей. Гэта, канешне, у тым выпадку, калі хоча ўпэўнена стаяць на нагах, быць матэрыяльна незалежнай, а значыць – свабоднай у сваіх планах і рашэннях.
Настаўнікам прыходзіцца канкурыраваць на рынку тавараў і паслуг на агульных умовах, вучыцца прадбачыць, планаваць работу так, каб не абанкруціцца. Здараюцца і пралікі. Вось, скажам, рабілі ў Обальскай школе стаўку на вырошчванне свіней (здавалася, бяспройгрышную), а выходзіць, – пралічыліся. Але хто ж мог прадказаць гэтую чуму, ліха яе бяры?
Праўда, доўга там па былых даходах не сумавалі, не маглі сабе дазволіць. І ў вызваленых пасля парсюкоў памяшканнях вырашылі разводзіць авечак. І пакуль, да прыкладу, у ААТ “Лаўжанскае” толькі мараць пра гэта, тут у хляўку ўжо стаіць некалькі авечак. Умовы для іх утрымання ёсць, а галоўнае – ёсць аптымізм і даволі амбіцыйныя планы давесці школьны авечы статак да такіх маштабаў, каб можна было заключаць дагаворы на пастаўку бараніны з рэстаранамі вобласці. Канкурэнтаў у гэтай справе ў обальскіх настаўнікаў пакуль няма.  Канешне, наўрад ці што магло б атрымацца, каб школа не абапіралася на сур’ёзную дапамогу сельгаспрадпрыемства “Ульскі” (Лабейка В. У.), свінагадоўчага комплексу (Старавойтаў І. М.).
Добры бізнесмен ведае, як важна ўхапіць час. Таму зараз усе свабодныя сілы акумуляваныя ў школьных цяпліцах: вырошчваюць на продаж зеляніну. Хутка ў вобласці і райцэнтры загудуць кірмашы, дзе, мяркуецца, добра будуць браць радыску, зялёную цыбулю, салату. Гэты тавар Обальская школа прапануе упершыню, а вось іхні бярозавы сок на кірмашах ужо добра ведаюць. У гэты раз яны будуць прадаваць яго ужо нават закансерваваным у трохлітровікі. “Цяплічны бізнес” яны таксама збіраюцца пашыраць.
Да слова можна сказаць і пра пашыў пасцельнай бялізны. За пробную партыю тавару яны ўжо выручылі некалькі мільёнаў. Напэўна, ёсць сэнс працягваць гэтую работу, шукаць сваё месца на рынку.
Пра ўсё гэта зараз і думае дырэктар школы І. А. Чарнічэнка. А яшчэ пра тое, дзе ўзяць сучасныя камп’ютары для таго, каб была магчымасць карыстацца лакальнай камп’ютарнай сеткай, якая ў школе, дзякуючы даўняму і надзейнаму сябру Марату Галіну, ужо ствараецца, а маральна састарэлая камп’ютарная тэхніка не дазволіць ёй карыстацца. А значыць, не будзе магчымасці вывесці на якасна новы ўзровень працэс навучання ў школе. Улічваючы той факт, што ў гэтай справе, справе засваення інфармацыйных тэхналогій, Обаль – у авангардзе, обальскія настаўнікі спадзяюцца на падтрымку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, матэрыяльную падтрымку. “Самастойна з гэтай задачай справіцца нам пакуль не пад сілу”, – канстатуе дырэктар.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №27 ад 08.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *