Когда шумилинский мусор превратится в деньги?

Экология Экономика

Па чым смецце браць будзеце?

18 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў пасяджэнне па пытаннях эфектыўнасці сістэмы збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў краіне. Ён патрабаваў павысіць эфектыўнасць адпаведнай сістэмы. “Нельга забываць, што ўзровень развіцця сістэмы збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны – гэта, па сутнасці, красамоўны паказчык не толькі нашай агульнай культуры, але і цывілізаванасці эканомікі ў цэлым. Да таго ж ад эфектыўнасці работы ў сферы абыходжання з адыходамі напрамую залежыць экалагічная бяспека дзяржавы. У гэтым наша адказнасць перад будучымі пакаленнямі”, – заявіў Прэзідэнт краіны.

Надзвычай актуальная гэта праблема і для нашага рэгіёна, упэўнены начальнік раённай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Кісялевіч. Мы захоўваем на палігонах і міні-палігонах цвёрдых бытавых адыходаў (ЦБА) амаль усе адыходы жыццядзейнасці, на перапрацоўку ідзе такая мізэрная частка, што гаварыць пра нейкую сістэму ў гэтай сферы не прыходзіцца. Галоўныя пытанні ў гэтым сэнсе, безумоўна, – да жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Менавіта ЖКГ займаецца зборам і захаваннем адыходаў. Захаваннем, а не перапрацоўкай. “Нядаўна мы прыцягнулі УП ЖКГ да адміністрацыйнай адказнасці за сітуацыю на цэнтральным палігоне ЦБА. Другасныя матэрыяльныя рэсурсы (ДМР) трэба выдзяляць і адпраўляць на перапрацоўку – гэта і макулатура, і поліэтылен, і пластык, і дрэва, і метал. У бліжэйшы час мы праверым і міні-палігоны. Да прыкладу, за сітуацыю на міні-палігоне ў Кардоне мы ўжо прыцягнулі да адказнасці начальніка мясцовага ўчастка ЖКГ Н. М. Ваяводу. І далей будзем працягваць гэту работу”, – падзяліўся намерамі Генадзь Мікалаевіч. Улічваючы тое, што цэнтральны палігон ЦБА ў Шуміліне свой век ужо аджывае, гады праз 3-4 прыйдзецца будаваць новы, які, мяркуе Генадзь Мікалаевіч, будзе абсталяваны лініяй сарціроўкі адыходаў. Гэта павінна вывесці работу па выдзяленні другасных рэсурсаў на новы ўзровень. А калі ў ЖКГ з’явіцца і спецыяльны прэс, то гэта будзе зусім выдатна.

Але сказаць, што ўся адказнасць ляжыць выключна на плячах камунальнікаў, нельга. Людзі, мы з вамі, проста абавязаны выхоўваць у сабе культуру абыходжання з адыходамі, тым больш, што гэта прадугледжана заканадаўствам. Але калі раней мы з лёгкасцю маглі наракаць на адсутнасць спецыяльных кантэйнераў для раздзельнага збору смецця, то сёння гэтыя прэтэнзіі пакрысе трацяць сваю актуальнасць. Камунальнай гаспадаркай закуплены 60 такіх кантэйнераў (30 для шкла і 30 для пластыка), якімі абсталяваны 30 кантэйнерных пляцовак у Шуміліне. Таму сітуацыя, калі каго-небудзь з нас аштрафуюць з пакетам смецця прама ля кантэйнера, хутка стане не такой малаверагоднай. Ну, вядома, калі пластыкавая ці шкляная бутэлька будзе адпраўлена намі ў агульны кантэйнер, а не ў спецыяльны.

Канешне, ЖКГ пакуль “грашыць” тым, што загружае ўсе кантэйнеры ў адзін кантэйнеравоз, і смецце ў выніку перамешваецца. Так што дысцыплінаваць сябе прыйдзецца ўсім. “Дык, іншага варыянту проста няма. Вы паглядзіце на развітыя краіны, тую ж Германію, Швейцарыю, ды і іншыя. Там выдзяляецца і перапрацоўваецца больш за 50 % другасных матэрыяльных рэсурсаў”, – даводзіць Г. М. Кісялевіч. Ён упэўнены, што і ў нас няма іншага шляху. Гэта элементарныя патрабаванні жыцця ў сучасных умовах. Што аднолькава важна як для эканомікі, так і для экалогіі. Генадзь Мікалаевіч не лічыць фантастыкай і перспектыву, да прыкладу, здабываць энергію, перапрацоўваючы смецце, тым больш што такія прыклады ў краіне ўжо ёсць.

Ды, і наогул, у гэтай сферы ёсць вялізнае поле для прадпрымальніцкай ініцыятывы, якое ў нашым раёне пакуль свабоднае. У той жа час ва ўсім свеце, ды і ў некаторых рэгіёнах нашай краіны заняць сваё месца ў гэтым бізнесе даволі складана: жадаючых хапае. Да ведама, кошт адной тоны пэт-бутэлькі – ці не 20 мільёнаў.

Генадзь Мікалаевіч заявіў таксама, што недапушчальнай з’яўляецца і прывычная для Шуміліна сітуацыя, калі з магазінаў у кантэйнеры выкідваюцца кардон, папера. Гандлёвыя прадпрыемствы абавязаны складзіраваць паперу і па меры накаплення – здаваць (хоць і штодня). Але зноў жа, райспажыўтаварыства (а толькі гэта прадпрыемства займаецца ў нас прыёмам другаснай сыравіны), чамусьці не дужа ахвотна працуе з юрыдычнымі асобамі. З такой сітуацыяй мы таксама разбярэмся, запэўніў спецыяліст, каб для ўладальнікаў гандлёвых аб’ектаў гэта не стала нечаканасцю. “І яшчэ, юрыдычныя асобы, якія будуць злоўлены за захаваннем ДМР, акрамя штрафу (вялікага штрафу) будуць плаціць і павышаную стаўку экалагічнага падатку, якая адрозніваецца ад нармальнай у шэсць з паловай разоў.

Г. М. Кісялевіч удакладніў, што фізічныя асобы за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі могуць заплаціць штраф у памеры ад пяці базавых велічынь, а юрыдычныя – да 1000 базавых велічынь. “Прэзідэнт заявіў, што штрафы для прадпрыемстваў павінны стаць проста разбуральнымі”, – працытаваў Генадзь Мікалаевіч.

Карацей, выходзіць, што як ні круці, а тэма гэта датычыцца і кожнага з нас паасобку, і ўсіх разам. І дазволіць сабе застацца ў баку наўрад ці атрымаецца.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



1 комментарий по теме “Когда шумилинский мусор превратится в деньги?

  1. А какие условия созданы людям и организациям для того чтобы они охотно сдавали макулатуру?
    Склад для сдачи макулатуры вечно перегружен ,находиться далеко на краю Шумилино, подьезд к нему ужасный в огромных ямах, особенно в осеннее и весеннее время. Макулатура стоит копейки и ее сдача не оправдывает даже бензин для машины. Для мелких предприятий вечные проблемы для сдачи хотя бы пары мешков макулатуры, надо оформлять соответствующие документы строгой отчетности (которые не так уж и просто оформляются особенно если человек этим делом не занимается постоянно),надо искать транспорт, зачастую нанимать его за свои деньги а если много макулатуры то надо искать еще и грузчиков, после сдачи надо месяц умолять РАЙПО чтобы они наконец перечислили деньги на указанный счет. Кому спрашивается надо этот геморрой?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *