На субботнике в Шумилино был заложен парк

Актуалии Общество

Парк у спадчыну будучым пакаленням
Ужо шмат дзесяцігоддзяў жывуць традыцыі суботнікаў: у адну з красавіцкіх субот наводзіцца парадак у гарадах і вёсках, прыбіраюцца вуліцы і паркі, месцы адпачынку і тэрыторыі прадпрыемстваў. А заробленыя талакой  грошы накіроўваюцца на карысныя для грамадства справы. Так былі пабудаваны Нацыянальная бібліятэка і музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, многія медыцынскія цэнтры і іншыя важныя аб’екты. Вось і сёлета палова грошай, заробленых на суботніку, будзе пералічана на стварэнне цэнтра звышдакладнай дыягностыкі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, другая палова застанецца на месцах для добраўпарадкавання населеных пунктаў.
12 красавіка жыхары Шумілінскага раёна разам з усёй краінай удзельнічалі у рэспубліканскім суботніку. У год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў асаблівая ўвага – месцам пахавання воінаў-вызваліцеляў, мемарыяльным комплексам, помнікам і абеліскам у памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Работнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, школьнікі наводзілі парадак на воінскіх могілках, памятных мясцінах, на вуліцах пасёлкаў, аграгарадкоў і вёсак нашага раёна.
Работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, шэфы, накіраваныя на дапамогу ад гарадскіх арганізацый, працавалі на сваіх працоўных месцах, бо зараз для іх гарачая пара – пасяўная. Падкормка азімых і шматгадовых траў, унясенне мінеральных угнаенняў і арганікі, сяўба яравых збожжавых – усе скіраваны правесці веснавыя работы якасна і ў сціслыя тэрміны, каб закласці трывалы падмурак пад сёлетні ўраджай.
Як паведаміў начальнік штаба па правядзенні суботніка намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў, у суботніку ўдзельнічалі 4948 чалавек, зароблена 57 мільёнаў рублёў.
Галоўнай падзеяй рэспубліканскага суботніка ў нашым раёне стала закладка парка ў памяць 70-й гадавіны вызвалення нашага раёна. Парк разбіты па адмысловым плане ў адным з любімых месцаў адпачынку жыхароў райцэнтра – на беразе Шумілінскага возера. Адзінаццаць найбольш прыгожых парод дрэў высаджана на плошчы больш за 6 гектараў. Сотні саджанцаў прывезены з розных куткоў нашага раёна, з усіх лясніцтваў Шумілінскага лясгаса. Групы работнікаў райвыканкама і лясгасу хутка разбіралі саджанцы, разносілі іх да падрыхтаваных загадзя месцаў – і ўжо праз гадзіну на месцы разметачных колікаў сядзелі маладыя дрэўцы.
Вялікі і прыгожы парк пасаджаны для будучых пакаленняў, бо толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў маладыя дубкі і каштаны, ліпы і рабіны, клёны і ясені, сосны і елкі ўзнімуцца ў вышыню, набудуць моц і прыгажосць, дараваныя ім прыродай. Гэта спадчына застанецца на стагоддзі, будзе радаваць нашых нашчадкаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Парадак пералічэння грошай за суботнік
Заробленыя на суботніку грошы пералічваюцца на рахунак фінансавага аддзела Шумілінскага райвыканкама:
№ 3642023905042 в ЦБП № 225 г.п.Шуміліна філіяла 200 Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» г. Віцебск код 635, УНП 300037012, код плацяжу не ставіць, прызначэнне плацяжу: пералічваюцца грашовыя сродкі, заробленыя на суботніку.
Надрукавана ў №29 ад 15.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *