Прошло заседание президиума районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Лічыць і шанаваць кожную капейку
Першым пытаннем на парадку дня пасяджэння прэзідыума, якое 9 лістапада вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, стаяла выключна важнае — аб практыцы работы ў сельсаветах па прыцягненню сродкаў у мясцовы бюджэт. Па азначанай тэме выступіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка. З фінансамі ў раёне сітуацыя няпростая, адзначыла Алена Савельеўна, і ў пэўнай ступені таму, што ў сельсаветах яўна недапрацоўваюць па папаўненні сваіх рахункаў. З 21 артыкула, па якіх можна зарабляць грошы, па 17 маюць налічэнні толькі ў Мікалаёўскім сельсавеце, у астатніх з гэтым горш.
Амаль паўсюды трывожная сітуацыя са спагнаннем падаткаў на зямлю і нерухомасць, не можа задаволіць работа ў мясцовых органах улады па адміністрацыйных пакараннях, па накапленнях на свае рахункі за правядзенне ўрачыстых абрадаў па заключэнні шлюбаў. Нельга зразумець пазіцыю старшыні сельвыканкама, калі не заахвочваюцца лепшыя старэйшыны вёсак, не асвойваюцца сродкі па зносу старых і збуцвелых хат і пабудоў у вёсках. Напрыклад, ніводнага рубля не асвоілі па гэтым артыкуле расходаў у Мішневіцкім сельсавеце, з 7 мільёнаў асвоена ўсяго  2 мільёны ў Каўлякоўскім сельсавеце.
Тлумачыў сітуацыю з папаўненнем мясцовага бюджэту старшыня Светласельскага сельсавета В. В. Шчарбакоў. Тут сабрана ўсяго крыху больш як палавіна падаткаў на нерухомасць і зямлю, а крайні тэрмін спагнання — 15 лістапада. “Шмат дачнікаў, — гаворыць старшыня. — Шукаем, пішам папярэджанні…”.
Да размовы падключаецца начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Шумілінскім раёне А. С. Мужава. Алена Сяргееўна расказала аб мерах у дачыненні да злосных неплацельшчыкаў, папрасіла праяўляць настойлівасць пры спагнанні падаткаў, абяцала падключыць падатковых інспектараў з тым, каб фарсіраваць збор абавязковых выплат.
Не менш важная задача ў мясцовых органаў улады, вядома, у цесным кантакце з участковым інспектарам — прафілактыка правапарушэнняў. Пакуль што з гэтым на месцах нямала хібаў, нярэдка няма належнага паразумення і з органамі правапарадку.
Аб прафілактычнай рабоце ў асяроддзі законанепаслухмяных сяльчан расказвалі старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава і старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава. Адзначана, што нядаўна праведзена пасяджэнне Дабейскага сельвыканкама з запрашэннем кіраўніцтва РАУС. Размова адбылася прынцыповай і прадметнай. У Каўлякоўскім сельсавеце праведзена 6  пасяджэнняў апорнага пункта грамадскага парадку.
Акрамя падказак “суб’ектаў” прафілактыкі супрацоўнікамі міліцыі, у сельсаветах пажадана самім выяўляць іх, ставіцца больш патрабавальна да пакарання парушальнікаў. Такое патрабаванне часу і заканадаўства. Трэба больш заслухоўваць на  пасяджэннях выканкамаў работу асоб, адказных за выхаванне моладзі, напрыклад, дырэктара школы па актывізацыі работы школьных патрулёў, знаходзіць іншыя меры ўздзеяння на тых, хто схільны да прававых парушэнняў.
Днямі прайшло пасяджэнне пастаянных камісій раённага Савета дэпутатаў, на якім абмеркавана стратэгічная праграма развіцця раёна на 2011-2015 гг., разгледжаны вынікі выканання бюджэту раёна за 10 месяцаў года і бюджэт на 2011 год, ільготы па мясцовых падатках. Начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, іншыя зацікаўленыя службы павінны разабрацца па кожным артыкуле даходаў і выдаткаў з тым, каб канчатковы і вывераны праект бюджэту раёна вынесці ў канцы снежня на разгляд сесіі раённага Савета дэпутатаў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №91 ад 23.11.2010 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *