В Шумилино прошло заседание райисполкома

Актуалии Президент

Рэзервы росту эканомікі ёсць
На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое вёў старшыня райвыканкама У. П. Куранны.
На парадку дня стаялі чатыры пытанні. Адкрываючы пасяджэнне, кіраўнік раёна заўважыў, што эфектыўная работа прадпрыемстваў, дастойны ўзровень заработнай платы – гэта гарантыя і дэмаграфічнай бяспекі, і замацавання моладзі ў раёне, і рашэння сацыяльных пытанняў і іншых праблем.
Па першым пытанні “Аб выкананні асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выкананні бюджэту за студзень-сакавік 2014 года” выступіў намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў.
Рост інвестыцый у асноўны капітал склаў 122,9%, у тым ліку на ААТ “Обальскі керамічны завод” у 34,3 раза, СТАА “Вітконпрадукт” у 18,6 раза, у сацыяльную сферу раёна на 149,2%. Назіраецца рост вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах да адпаведнага перыяду мінулага года (103, 6%). Увесь прырост аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі атрыманы за кошт росту прадукцыйнасці працы. Экспарт тавараў і паслуг склаў 721,9 тысячы долараў ЗША, ці 233,9% да адпаведнага перыяду мінулага года пры заданні 114%. Асноўнымі экспарцёрамі застаюцца ААТ “Обальскі керамічны завод” (рост 16,9%), ЗП “Славянскі прадукт” (у 2,7 раза), СТАА “ІСКПоіск” (у 8,8 раза).
Вытворчасць валавой сельскагаспадарчай прадукцыі ў супастаўных цэнах склала 89,5% да ўзроўню 2013 года. Зніжэнне вытворчасці дапусцілі ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна.
За кошт рэалізацыі раённай праграмы па энергазберажэнні за першы квартал чакаецца выкананне мэтавага паказчыка па энергазберажэнні “мінус” 6,2% пры заданні “мінус” 2%. Доля мясцовых відаў паліва ў паліўным балансе па раёне складае 30,9%, у тым ліку ва УП ЖКГ – 42,4%.
Але, як канстатаваў дакладчык, у цэлым па раёне выкананы чатыры з пятнаццаці даведзеных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця: інвестыцыі ў асноўны капітал, экспарт тавараў, удзельная вага выдаткаў на набыццё абсталявання ў агульным аб’ёме інвестыцый у асноўны капітал, мэтавы паказчык па энергазберажэнні.
За першы квартал бягучага году рост тавараабароту склаў 97,7% пры заданні 120,5%. Пры гэтым высокія тэмпы росту рознічнага тавараабароту забяспечылі прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці: “Карына-гандаль”, “Тамара-гандаль”, “Айвентус”, “Каралеўскае”, “Брут” і іншыя. Рознічны гандаль спажывецкай кааперацыі раёна склаў 88,5%.
У студзені-сакавіку бягучага года ўведзена ў эксплуатацыю 513 квадратных метраў жылля (5 індывідуальных дамоў, у тым ліку ў сельскай мясцовасці – 2). На будаўніцтва гэтага жылля выдадзены 234 мільёны рублёў банкаўскіх крэдытаў, выдаткавана 1,57 мільярда рублёў уласных сродкаў грамадзян.
Рэнтабельнасць па народнагаспадарчаму комплексу складае -3,3%, з “плюсавай” рэнтабельнасцю спрацавалі будаўнікі і аграрыі, з “мінусам” – прамысловасць і гандаль. Віктар Віктаравіч адзначыў, што гэта сведчыць пра нераскрытыя рэзервы па павышэнні эфектыўнасці прадпрыемстваў раёна.
За студзень-сакавік 2014 года ўзровень сярэдняй зарплаты ў раёне склаў 3 мільёны 646 тысяч рублёў. У эканоміцы раёна заняты 8518 чалавек. Узровень беспрацоўя ў раёне на 1 красавіка складае 0,7%.
З судакладам аб выкананні раённага бюджэту выступіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка. План паступлення даходаў у бюджэт раёна выкананы на 24,9% (па вобласці 23,8%). Ва ўсе ўзроўні бюджэту паступіла за 1 квартал 2014 года 25 020,8 мільёна рублёў, у тым ліку ў рэспубліканскі бюджэт 5 757,1 мільёна рублёў, у бюджэт раёна 19 166,8 мільёна рублёў. У раённы бюджэт паступіла на 3 629,6 мільёна рублёў больш адпаведнага перыяду мінулага года.
У структуры даходаў найбольшую вагу складае падаходны падатак – 42,3%, падатак на дабаўленую вартасць – 14,3%, падаткі на ўласнасць – 15%. Плацельшчыкі дзяржаўнага сектара эканомікі забяспечылі паступленне ў кансалідаваны бюджэт раёна 33,0%. На долю недзяржаўных прадпрыемстваў прыходзіцца 50,5%. Асноўнымі плацельшчыкамі падаткаў у раённы бюджэт з’яўляюцца УП ЖКГ (6,1%), ААТ “Обальскі керамічны завод” (4,6%), СТАА “Вітконпрадукт” (3,2%), райспажыўтаварыства (2,3%), лясгас (2,2%).
За справаздачны перыяд выдаткі бюджэту склалі 47 715,9 мільёна рублёў. За кошт уласных даходаў прафінансавана 40% выдаткаў, за кошт паступленняў з вышэйстаячага бюджэту – 52,7%.
Бюджэт захаваў сацыяльную накіраванасць. Расходы на сацыяльную сферу склалі 72,4%. На галіны нацыянальнай эканомікі і жыллёва-камунальную гаспадарку пайшло 20,1% выдаткаў.
Па арганізацыі работы па супрацьдзеянні наркаманіі і незаконнаму абароту наркотыкаў на тэрыторыі раёна справаздачу трымаў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Ю. А. Арлоў. На тэрыторыі нашага раёна злачынстваў па гэтых групах не выяўлена, адзначыў дакладчык. З мэтай выкрыцця злачынстваў праведзена 18 санкцыянаваных аглядаў і вобыскаў па месцы жыхарства асоб, якія па аператыўных даных мелі дачыненне да незаконнага абароту наркатычных сродкаў, 33 рэйды на дыскатэках, 19 сумесных адпрацовак аўтадарог і вакзалаў. У ходзе аперацыі “Мак” у мінулым годзе было складзена 7 адміністрацыйных пратаколаў. Пастаянна вядзецца тлумачальная работа з насельніцтвам, за мінулы год праведзены 53 сустрэчы ў школах, працоўных калектывах з мэтай недапушчэння вырошчвання, збору і распаўсюджання наркатычных рэчываў. Штомесяц праводзіцца акцыя “Стоп-спайс!”. Узмоцнены кантроль за абаротам наркатычных лекавых прэпаратаў у ЦРБ. У выступленні былі прааналізаваны прычыны зніжэння колькасці правапарушэнняў і акрэслены асноўныя накірункі дзейнасці.
На пасяджэнні таксама былі разгледжаны пытанні аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады ў Шумілінскім раёне за 2013 год і аб навядзенні парадку на тэрыторыі малочнатаварных ферм і мехдвароў у сельгаспрадпрыемствах раёна.
Па разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні, вызначаны тэрміны выканання і адказныя асобы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *