На заседании президиума районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Важна адрадзіць пачуццё гаспадара
За вёску – у сэнсе навядзення парадку з занядбанымі ды струхлелымі хатамі, хлявамі – узяліся ўшчыльную сем ці восем гадоў назад. З выхадам адпаведнага прэзідэнцкага ўказа № 70, які развязаў, вобразна кажучы, рукі мясцовым уладам. Тым не менш калі ў 2007 годзе (на наступны год пасля выхаду дакумента) было знесена  ў раёне 213 такіх дамоў, то за мінулы год – усяго 30.
Такія лічбы прывяла, адкрываючы пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, старшыня Савета І. М. Новікава. Знесена ў раёне з пачатку дзеяння ўказа 748 жылых пабудоў, з іх 448 – за ўласныя сродкі гаспадароў і спадкаемцаў. Праўда, Ірына Мікалаеўна адзначыла, што з кожным годам усё цяжэй даецца рашэнне праблемы. Адно што засталіся самыя “праблемныя” хаты, а яшчэ – і самі вёскі з часам пусцеюць, становяцца больш бязлюднымі. Калі на пачатак 2006 года ў раёне пражывала 22,6 тысячы чалавек, то ў першых чыслах 2014-га – 18,8 тысячы.  “Згублена” 3,8 тысячы, амаль 500 чалавек кожны год. Як ні цяжка, як ні балюча пра гэта гаварыць. Больш таго, у 22 вёсках ніхто не зарэгістраваны, у тым ліку ў 14 наогул не пражывае ніхто. Ні летам, ні зімой. Так што з  нашага актыву  253 населеныя пункты, лічачы Шуміліна і Обаль, трэба будзе ў бліжэйшыя гады выкрасліць гэтыя 22 вёскі. Вядома, не ўсё проста.  Апусцелай вёсцы нялёгка  трапіць у рэгістр на “спісанне”, тым не менш сам факт, сама лічба наводзіць на маркотны роздум.
Наогул жа, на думку І. М. Новікавай, для выканання Указа № 100 кіраўніка дзяржавы, падпісанага ў 2012 годзе (гэты ўказ – лагічны працяг указа № 70), усе пытанні трэба падзяліць на пяць праблемных блокаў. Першы блок – закінутыя хаты, другі – незаселенае шматкватэрнае жыллё, якое некалі ўзводзілі, сціраючы грані вёскі і горада, яшчэ – нявыкарыстаныя будынкі прад-прыемстваў, непрыглядны выгляд жылых сялянскіх сядзіб, работа па навядзенні парадку ў  пустэльных вёсках.
Па ўсіх гэтых накірунках гаворку ў сваім выступленні вяла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама З. А. Мясаедава. Дакладчык спынілася, напрыклад,  на лёсе сямі дамоў, якія пасля адмовы ад іх гаспадароў былі пастаўлены на баланс Обальскага сельсавета. Іх хацелі прадаць, былі і купцы, аднак з-за высокай цаны (у сярэднім 5 тысяч долараў ЗША у глыбіннай вёсцы за хату) адмовіліся. А інакш было нельга: сельсавет кіраваўся даведкай з БТІ. У выніку хаты пастаялі два-тры гады, струхлелі і былі знесены. На жаль, без рэкультывацыі зямлі.
Тэма рэкультывацыі ў цэлым балючая, праблема з “барадой”. Старшыні Лаўжанскага і Сіроцінскага  сельсаветаў С. П. Кійко і С. У. Каржуеў дамовіліся з дырэктарам ПМС А. В. Аляксеенкам на выкананне адпаведных работ (напрыклад, у Сіроціне аб’ёмы “цягнуць” на 15 мільёнаў рублёў). Важна яе правесці па ўсіх правілах: з выдаленнем падмуркаў, выкарчоўваннем фруктовага саду.
Не першы год, адзначыў у выступленні намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў,  падступаюцца да зносу ў вёсцы жылля, якое гадамі пустуе. Маюцца на ўвазе шматпавярхоўкі, блакіраваныя дамы і дамы на адну сям’ю. Тое ж і па ўпарадкаванні пахілых і струхлелых  навесаў,  старых цялятнікаў, свінарнікаў, пакінутых у “спадчыну” вёсцы ад сельгаспрадпрыемстваў. Не могуць стаяць у баку ад навядзення парадку і гаспадары саміх вясковых сядзіб. Збуцвелы плот, скасабочаны хлеў ці дрывотня, рознае хлам’ё на падворку – усяго гэтага не павінна быць.Усё трэба зжываць, ад гэтага трэба як мага хутчэй збаўляцца.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №36 ад 13.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *