Усё для людзей. Чаму ж людзі не задаволены?

Общество

Усё для людзей. Чаму ж людзі не задаволены?
Пра дрэвы памяці
Напэўна, і вам знаёма такое пачуццё: вось зробіш чалавеку нешта добрае, а ён замест удзячнасці чамусьці незадаволены, яшчэ і крыўду затаіў. Так і тут. Думаецца, што самымі лепшымі памкненнямі кіраваліся адпаведныя службы, калі прымалі рашэнне ўбраць на могілках старыя дрэвы. Але што атрымалася?
Вёска Новае Барсучына Мішневіцкага сельсавета. На ўездзе ў вёску з правага боку пагорак, на схіле якога месцяцца тутэйшыя могілкі. Сюды паціху перасяліліся амаль усе жыхары вёскі. Толькі ў трох хатках яшчэ цепліцца жыццё. І ад былога, ад двух вясковых вуліц, раздзеленых рачулкай, ад пачатковай школкі, ад гаманкога вясковага жыцця засталіся толькі далёкія  ўспаміны.
На пагорку, колькі яго памятаюць старажылы, заўсёды раслі бярозы і ліпы, іх ніхто спецыяльна не садзіў, яны сеяліся самі. Пад гэтымі дрэвамі на вялікіх валунах на другім баку пагорка, збіралася ўся вёска, сюды прыходзілі “за каровамі”, тут ад рання да ночы звінелі дзіцячыя гульні…
Гэта было тады. А зараз? Людзі, якія прыехалі на Радаўніцу на магілы родных, не маглі стрымаць слёзы, гледзячы на знявечаны, абсалютна голы пагорак, усеяны пнямі, голлем спілаваных дрэў. Відовішча сапраўды жахлівае. І крыўднае. Быццам дзеда, які ўсё жыццё насіў бараду, пагалілі перад смерцю і выставілі перад людзьмі на агляд.
Задума ж была добрая і неабходная: убраць з могілак старыя дрэвы, бо па вясне ветрам палажыла некалькі дрэў, пашкодзіла помнікі, агароджу. А каб убраць, трэба спецыялісты, вышка, грошы. Усё знайшлі, прыехалі, але чамусьці ўбралі дрэвы не толькі з могілак, а і на супрацьлеглым баку пагорка, дзе няма могілак, дзе дрэвы нікому не перашкаджалі, але іх зрэзалі “пад нуль”, і старыя, і маладыя. На саміх жа могілках, дарэчы (дзеля чаго і была задумана гэтая акцыя), якраз і засталося некалькі адзінокіх пахіленых дрэў, і ім, адкрытым цяпер усім вятрам, дастаткова будзе першага парыву, каб упасці. Але да гэтых дрэў, як і да тых, што праз дарогу побач з правадамі, спецыялістам з вышкай было цяжка дабрацца. Ну, і пакінулі. Затое там, за могілкамі, дзе сярод дрэў жыла людская памяць, піла разгулялася…
Сапраўды кажуць: загадай мужыка богу маліцца, дык ён і лоб разаб’е.
Пра “дробязі” жыцця
Шуміліна, вуліца Луначарскага. З будаўніцтвам новых кааператыўных дамоў у мікрараёне СШ №2 (як кажуць, на Брыкеце) яна ажыла, стала мнагалюднай і, як бы мовіць, мнагамашыннай. Людзі і машыны пачалі перашкаджаць адзін аднаму, асабліва, калі дождж ці снег. Тут вельмі прасіўся тратуар. І яго пабудавалі. У мінулым годзе – да райгазу, сёлета давялі да вуліцы 40 год Кастрычніка. Здавалася б, людзі павінны толькі дзякаваць за такую зручнасць. Яны і ўдзячныя, але…
Чаму ж зноў гэтае але? Мяркуйце самі. Аўтобусны прыпынак на вуліцы Луначарскага (за паваротам на вуліцу Дачную), на прыпынку лавачка, навес, усё як трэба быць. На лавачцы сядзіць бабуля, старэнькая, з кіёчкам, у яе баляць ногі і яна чакае аўтобус. Аўтобус спыняецца, але каб трапіць у яго, бабулі трэба пераадолець сур’ёзную перашкоду: забрацца праз паўмятровы пясчаны насып на тратуар (пасля будаўніцтва тратуара прыпынак аказаўся ў нізінцы), у яе не атрымліваецца, яна становіцца на каленачкі, паўзе, плача… Жыхары вуліцы, якія аказаліся побач, спяшаюцца на дапамогу…
Эпізод. Ён расказвае пра але, якога магло не быць, не павінна было быць, бо зроблена вельмі вялікая работа, укладзены грошы, а на “дробязі” чамусьці сіл не хапіла.
Пра чаргу
Маладая мама з гадавалым дзіцём на руках паспешліва зайшла на тэлеграф пакласці грошы на інтэрнэт, выйшла адтуль са здзіўленнем на твары і адкрыла суседнія дзверы пошты (размова пра раённы вузел сувязі). Яна, напэўна, спадзявалася, што хуценька справіцца і пойдзе далей гуляць з малым. Але позіркі дваццаці з лішнім людзей прымусілі яе застыць на месцы і развітацца з надзеяй хутка атрымаць жаданую паслугу. Тыя ж позіркі красамоўна сказалі ёй, што шансы падысці да акенца без чаргі роўныя нулю.
Што ж здарылася на пошце, чаму тут такія чэргі? А чэргі тут ураз выраслі пасля таго, як Белтэлекам правёў аптымізацыю штатаў, скараціў аператара, адмовіўшыся прымаць грошы за свае ж паслугі (за тэлефон, інтэрнэт) і дэлегаваў гэтую работу паштоваму аддзяленню. Дзіўнае рашэнне, нелагічнае. Хаця, магчыма, і тут кіраваліся інтарэсамі людзей, клопатам аб усеагульнай інтэрнэтадукацыі, уменні карыстацца інтэрнэт-банкінгамі і іншымі сучаснымі зручнасцямі. Але людзі пакуль што не змаглі гэта ацаніць. Таму незадаволены.
Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *