По результатам проверок инспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды

Актуалии Экология

Ці ёсць гаспадары на мехдвары?
У раённай інспекцыі  прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разнастайны спектр работы. Ахоўваць прыроду – гэта значыць падтрымліваць парадак на зямлі, беражліва адносіцца да лясных багаццяў, рацыянальна выкарыстоўваць ваду, не забруджваць паветра. Пра гэта мы гутарым з  начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Г. М. Кісялевічам.
Згодна з Правіламі добраўпарадкавання і  ўтрымання населеных пунктаў, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, кожны гаспадар павінен сачыць за парадкам  на сваёй  тэрыторыі.  У адваротным выпадку згодна з арт. 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “Парушэнне правілаў утрымання населеных пунктаў” пагражае штраф  ад 4 да 25 базавых велічынь, расказаў Генадзь Мікалаевіч.
Кожны ведае, што значыць парадак ля дома, але, як паказвае жыццё,  не  ўсе імкнуцца яго падтрымліваць. “На гаспадароў, якія ўстроілі сметнікі каля агароджы,  у прыдарожных канавах і іншых месцах  за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адыходамі  ў гэтым годзе складзена пяць адміністрацыйных пратаколаў, – расказаў Г. М. Кісялевіч. – Кожнаму з іх пагражае штраф ад 5 да 50 базавых велічынь”.
Парадак павінен быць не толькі ля прыватных падворкаў, але і ў майстэрнях, на машынных дварах і фермах, адзначае Генадзь Мікалаевіч. А ў гэтым накірунку шмат прабелаў: не ўтылізаваны старыя шыны , металалом захоўваецца не на абсталяваных пляцоўках. У прыватнасці,  за беспарадак на машынных дварах работнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя  склалі адміністрацыйныя пратаколы на УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, ААТ “Прыазёрны мір”, СФГ “Раднік”, УП ЖКГ.
А вежы падцякаюць…
Спецыялісты інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя склалі ў гэтым годзе больш за дзесяць адміністрацыйных пратаколаў за парушэнне заканадаўства ў вобласці выкарыстання і аховы водных рэсурсаў.   Прыкладам безгаспадарчасці застаюцца  воданапорныя вежы, якія працякаюць. У многіх сельгаспрадпрыемстваў не хапае грошай і часу, каб  іх адрамантаваць.  Адміністрацыйныя пратаколы за нерацыянальнае выкарыстанне вады складзены ў гэтым годзе  з-за падцякання воданапорных вежаў ля фермаў Мазекі (ААТ “АграБаравінка”), Маркава і Амбросавічы (“ААТ “Прыазёрны мір”), Спаскае (ААТ “Лаўжанскае”), Падмішнеўе (КУСГП “Сіроцінскі”).
Другім бокам праблемы з’яўляюцца выпадкі, калі арганічнымі ўгнаеннямі забруджваюцца рэкі ці азёры. Гноевыя сцёкі трапляюць у вадаёмы не толькі ад фермаў, але і ад буртоў арганікі, якія складзіруюцца на палетках.  Такая сітуацыя склалася сёлета ў ААТ “Прыазёрны мір” і “Лаўжанскае”, расказаў журналістам раённай газеты Г. М. Кісялевіч.  На сельгаспрадпрыемствы складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Зямля просіць аховы
Зямля часта аказваецца бездапаможнай перад шкоднымі выкідамі сучаснай тэхнікі і прамысловых прадпрыемстваў, перад безгаспадарчасцю чалавека. І тут на дапамогу прыходзяць спецыялісты раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія ўказваюць на недахопы і прымушаюць прадпрыемствы іх выправіць. Так,  ААТ “Ляжні” неэфектыўна выкарыстоўваецца прыфермавая тэрыторыя, яна захламлена, месцамі зарасла быльнёгам. Гэтым самым гаспадарка парушыла арт. 15.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “Парушэнне парадку выкарыстання земляў і патрабаванняў да яе аховы”, за што юрыдычнай асобе пагражае штраф да 300 базавых велічынь, тлумачыць Г. М. Кісялевіч.
Сельгаспрадпрыемствы маюць права карыстацца толькі землямі, якія ім належаць. За самавольнае карыстанне пагражае  адміністрацыйная адказнасць. Пра гэта, відаць, забыліся ў КУСГП “Сіроцінскі”, калі без дазволу адпаведных службаў распрацоўвалі кар’ер  пясчана-гравійнай сумесі.
Паветра і шкодныя выкіды
Згодна з арт.15.48 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “Забруджванне атмасфернага паветра” да адказнасці за парушэнне ўмоў выкіду шкодных рэчываў у паветра  прыцягнуты  юрыдычныя асобы Обальскага керамічнага завода.  Былі знойдзены некаторыя парушэнні і на сельгаспрадпрыемствах. Так, на Шумілінскім льнозаводзе і ва УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” парушаны правілы эксплуатацыі газаачышчальных установак. А ў  КУСГП “Сіроцінскі” не вядзецца журнал уліку мабільных крыніц выкідаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №40 ад 27.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *