За долги комхозу всё равно придётся платить

Общество Экономика

І пажытак пайшоў з малатка
На 1 студзеня бягучага года пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць насельніцтва перад УП ЖКГ складала 292 мільёны рублёў. Якія меры прымалі ў камунгасе, каб вярнуць свае грошы?
“Пачынаем з вусных і пісьмовых напамінаў, –  расказвае юрысконсульт УП ЖКГ Вячаслаў Емяльянаў. – Наведваем даўжнікоў на даму, гутарым. Калі гэта не дае станоўчага эфекту, вывешваем спіскі даўжнікоў на спецыяльным стэндзе, што насупраць РАУС. Рыхтуем спісы даўжнікоў для размяшчэння ў інтэрнэце.
Самая крайняя мера – зварот у суд, адключэнне ад камунальных паслуг. За студзень-кастрычнік падрыхтавалі ў раённы суд 275 заяў аб прымусовым спагнанні камунальных плацяжоў”.
Дарэчы, сёлета 76 сямей-неплацельшчыкаў засталіся без халоднай ці гарачай вады, без ацяплення. Былі і яшчэ кандыдаты на адключэнне. Але некаторыя своечасова спахапіліся. Напрыклад, грамадзянка А. з райцэнтра не пажадала, каб яе дабро, на якое быў накладзены арышт, пайшло з малатка за бясцэнак, узяла крэдыт і разлічылася з запазычанасцю коштам у два мільёны рублёў. Але ж так паступілі далёка не ўсе. Да некаторых жыхароў вымушаны былі прыйсці судовыя выканаўцы і апісаць маёмасць. Больш таго, у некаторых неплацельшчыкаў была канфіскавана маёмасць. Так, грамадзянка Х., якая пражывае па вуліцы Зялёнай, пазбавілася DVD. У грамадзянкі М. з вуліцы Меліярацыйнай судовымі выканаўцамі былі канфіскаваны  ў кошт пагашэння камунальных плацяжоў мікрахвалевая печ, тэлефонны апарат і DVD.
Злосныя неплацельшчыкі ўвогуле могуць пазбавіцца даху над галавой. Згодна з арт. 71 Жыллёвага Кодэкса грамадзяне, якія на працягу шасці месяцаў не плацяць за карыстанне жылым памяшканнем і за камунальныя паслугі, могуць быць выселены па рашэнні суда ў кватэру меншай жылой плошчы. А ў арт. 39 гэтага ж Кодэкса гаворыцца: калі наймальнік і члены яго сям’і псуюць жылое памяшканне або выкарыстоўваюць яго не па прызначэнню, робяць немагчымым пражыванне з імі ў адной кватэры ці ў адным доме іншых людзей, а папярэдне прынятыя меры не далі ніякіх вы-нікаў – пагражае высяленне ў судовым парадку без прадастаўлення жылля. Менавіта па гэтаму артыкулу сям’ю К. з райцэнтра выселілі на вуліцу. У бліжэйшы час у судовым парадку могуць быць яшчэ выселены з кватэр пяць сем’яў у Шуміліне, пяць у Обалі, дзве  ў аграгарадку Светласельскі, па тры – у Мішкавічах і Кардоне. Матэрыялы рыхтуюцца для падачы ў суд.
На 1 лістапада дэбіторская запазычанасць па квартплаце ў нашым раёне знізілася да 199 мільёнаў рублёў, але ўсё роўна па суме запазычанасці Шумілінскі раён “абганяюць” толькі Віцебск і Орша, дзе пражывае значна больш людзей. Самыя недысцыплінаваныя кватэраздымшчыкі пражываюць у Обалі. “Калі запазычанасць па плацяжах у Шуміліне складае 48 мільёнаў рублёў, то ў Обалі, дзе асабістых рахункаў значна менш, – 77 мільёнаў рублёў, – падлічыў Вячаслаў Емяльянаў. – 21 мільён рублёў складае запазычанасць у жыхароў Мішневіцкага сельсавета, 17 мільёнаў – Мікалаёўскага сельсавета”.
У некаторых выпадках чалавек не можа самастойна разлічыцца за даўгі па квартплаце. У такім разе пагасіць запазычанасць дапаможа дзяржава. Згодна з Указам Прэзідэнта № 458 “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе” чалавеку можа быць прадастаўлена грашовая дапамога. Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі трэба звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Прычым, пры выплаце асноўнага доўгу па камунальных плацяжах пеня за пратэрміноўку аплаты жыллёва-камунальных паслуг можа быць “спісана”. Для гэтага неабходна звярнуцца з адпаведнай заявай у камунгас.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №93 ад 30 лістапада 2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *