Помощь тем, кто хочет победить алкоголизм, — Шумилино, костёл, каждая суббота

Актуалии Здоровье Общество

Проста заставацца цвярозымі. Сёння, заўтра… заўжды
Алкагалізм – хвароба. З гэтым фактам наша грамадства згаджаецца неахвотна, тым самым дэманструючы сваю няспеласць, неталерантнасць у адносінах да людзей з праблемамі. Сёння ўжо відавочна, што аднойчы абраны метад уздзеяння, калі алкаголіка саромяць, маральна лупцуюць, прыніжаюць, стараюцца “выціснуць” з яго пачуццё віны і раскаянне, – не працуе. Не дапамагаюць ні кадзіроўка, ні тым больш ЛПП. Нічога не дапаможа, пакуль не прыйдзе ўсведамленне таго, што ўсе ўшчуванні і ўгаворы для алкаголіка як алей у агонь.
Вядома, што ў кожнага алкаголіка была ў жыцці тая самая першая чарка, якая пакрысе перарасла ў акіян, у якім без супраціўлення патанулі сямейныя каштоўнасці, сяброўскія сувязі, чалавечая годнасць і сам чалавек. Памылковая ўпэўненасць у тым, што алкагалізм – гэта звычайная разбэшчанасць (ніхто ж у горла не залівае), перашкаджае паглядзець на праблему ў іншым ракурсе, а значыць, і неяк на яе ўплываць.
Па-сапраўднаму зразумець алкаголіка можа толькі алкаголік. І гаворка тут не пра “душэўныя размовы за чаркай гарэлкі”, а пра тое, што толькі прайшоўшы праз усе жахі алкагольнай залежнасці і неяк выплыўшы, можна ўсведамляць маштабы праблемы і шляхі выхаду з яе. Такія людзі ведаюць, што пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці немагчыма. Яны працягваюць называць сябе алкаголікамі і ставяць перад сабой задачу проста заставацца цвярозымі. Як мага даўжэй. І яны ўдзячныя Богу за кожны пражыты цвярозы дзень. Усе, хто верыць у лепшае, хто адчувае ў сабе сілы, групуюцца для таго, каб дапамагчы тым, хто самастойна, як і некалі яны, справіцца не можа.
З 1990 года ў Беларусі існуе таварыства ананімных алкаголікаў, зарэгістравана больш за 90 груп у розных рэгіёнах краіны. Мінулы тыдзень у нашым раёне прайшоў пад дэвізам цвярозасці. Ініцыятыўная група пярвічнай арганізацыі РГА “Цэнтральная служба ананімных алкаголікаў” горада Віцебска працавала ў калектывах арганізацый і прадпрыемстваў, у сельсаветах. Кожны член групы звычайна пачынае сваё выступленне са слоў: “Прывітанне, я алкаголік, не п’ю гэтулькі год ”. Адны знаходзяцца ў стадыі рэмісіі 3-4 гады, іншыя – усе 18. Яны не радуюцца і тым больш не ганарацца такой сваёй біяграфіяй, але знаходзяць ў сабе смеласць прызнацца ў залежнасці, тым самым прадэманстраваўшы адкрытасць, гатоўнасць да дыялогу.
Галоўны інструмент у барацьбе з алкагалізмам – гэта абмен асабістым вопытам. Заставацца цвярозымі можна толькі разам, упэўнены члены таварыства. І самае складанае – прызнацца самому сабе ў тым, што ты алкаголік. Але як толькі гэта адбываецца, жыццё мяняецца. Калі побач ёсць людзі, якія знайшлі выйсце з гэтага пекла, то атрымаецца і ў цябе – гэта надзвычай пераканаўча. Таварыства не вядзе афіцыйнай статыстыкі, тым не менш ёсць звесткі, што 30-40% алкаголікаў, якія трапілі ў групы, застаюцца ва ўстойлівай рэмісіі, яшчэ столькі ж – ужываюць алкаголь час ад часу, і ў іх ёсць усе перадумовы трапіць у першую групу, і астатнія 20-30% не могуць справіцца.
Трапіўшы ў асяроддзе людзей, якія ведаюць праблему знутры, з’яўляецца шанс зачапіцца за жыццё. У прывычным акружэнні, якое падзелена на тых, хто цябе не разумее і асуджае, і на тых, хто цябе “разумее” і налівае, няма дзвярэй з таблічкай “выхад”. І калі агульная бяда аб’яднала хаця б дваіх на шляху да лепшага жыцця – гэта ўжо паўнацэнная група. Арганізуецца такая група і ў Шуміліне. Кожную суботу ў 13.30 у касцёле будуць праходзіць сустрэчы, на якія запрашаюцца людзі, гатовыя памяняць нешта ў сваім жыцці. Як заўважыла адна шумілінка, якая дзякуючы ананімным алкаголікам не п’е ўжо 3 гады і 8 месяцаў, аказваецца, можна радавацца і весяліцца цвярозымі. Трапіўшы ў ЛПП, яна не прапускала ніводнага сходу групы. З яе смяяліся, яе падбухторвалі выпіць, але, і выйшаўшы з ЛПП, яна не запіла. І толькі цяпер яна разумее, што такое паўнацэннае жыццё, любоў дзяцей і ўнукаў, шчаслівая старасць.
На алкаголікаў прынята глядзець пагардліва, зверху ўніз, даючы зразумець, што адным сваім існаваннем яны ганьбяць род чалавечы, што каб не яны, жылі б усе прыстойныя людзі радасна і шчасліва. Але сярод тых, хто піша гэтыя радкі, сярод тых, хто іх чытае, наўрад ці знойдзецца хаця б адзін чалавек, які ганарліва скажа, што яго жыцця гэта тэма ніяк не датычыцца. Мы ўсе плывем на адным караблі. Можна, вядома, павыкідваць за борт усіх, хто робіць гэта плаванне некамфортным, толькі хто ў такім выпадку застанецца?..
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №93 ад 29.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *