Районная Доска почёта. Мелиоратор Рябухин

Людзі і лёсы Общество

Вясёлая натура Ганаровага меліяратара
Без усмешкі Віктара Леанідавіча Рабухіна ўявіць цяжка. Вясёлы і шчыры душой чалавек. З такімі, як ён, размаўляць адна асалода… Між тым, у яго нялёгкая прафесія. Ён меліяратар. Нялёгкая, бо ўвесь час на балоце, сярод хмызнякоў і твані. Праўда, твань была раней, на заранку яго працы ў ПМК, калі сапраўды асушалі. Калі ішлі па дрыгве, кармілі камароў, не знімалі гумавых ботаў, ватовак. Сёння дрыгвяністых балот няма. Хіба што нядаўна, калі працавалі пад Гарадком, акунуліся ў атмасферу сапраўдных балот, якія асушалі. Прабыў там машыніст шматкаўшовага экскаватара В. Л. Рабухін паўтара месяца. “Зразумеў, – лагодна усміхаецца  машыніст, – што мы з камарамі ўсё-такі ладзім…”
Вось такі ён – жартаўнік і вясёлы па натуры чалавек. Таварыскі, лёгка сыходзіцца з людзьмі. Справядлівы, не любіць лайдакоў і хітруноў. Ён ніколі не будзе сядзець за рычагамі ў кабіне экскаватара, калі цяжка трубаўкладчыкам. Абавязкова дапаможа. І таму, што такі характар, а яшчэ – ад таго, колькі брыгада пракладзе дрэнажу, залежыць і ягоная зарплата.
Любіць спорт. Любіў, калі быў маладзейшы. Многае засталося ад таго гарту, калі цягаў гіру, займаўся лёгкай атлетыкай, стаяў на лыжах. Хаця цяпер часцей  ён балельшчык. Хварэе за ўнука-валейбаліста, які ходзіць у дзявяты клас,  і хварэе так, што пазайздросціш ягонаму азарту.
Хутка будзе чатыры дзясяткі гадоў, як Віктар Леанідавіч у меліярацыі, і добрыя трыццаць пяць з гэтага рахунку жонка яго, Святлана Віктараўна, кожны дзень збірае яго на работу, пакуе яму “тармазок”. Прыйшоў у ПМК меліярацыі яшчэ да арміі, калі захацелася падзарабіць капейку. Тут,  у ПМК, працавала яго сястра з мужам. Сюды Віктар вярнуўся пасля вайсковай службы.  У Шуміліне і знайшоў сям’ю…
В. Л. Рабухін – Ганаровы меліяратар. Адзін на ўсё Шумілінскае ПМС. Аднак не той ён чалавек, каб зазнавацца, наадварот, Віктар Леанідавіч усё робіць, каб апраўдаць гэты высокі давер і гэтае пачэснае званне. І пацвярджэнне гэтаму – здымак паважанага меліяратара на раённай Дошцы гонару.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №41 ад 30.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *