По святым местам Москвы и Подмосковья

Духоўнае Общество

Вандроўка па святых месцах: Масква, Хацькова, Сергіеў Пасад
Паломнікі мінулага пазайздросцілі б нашаму паломніцтву “з усімі зручнасцямі”. У далёкі шлях мы выехалі на камфартабельным аўтобусе з кандыцыянерам і ўтульнымі крэсламі. Першая ноч у дарозе прайшла лёгка і хутка. Вочы я расплюшчыла, калі наш аўтобус ужо імкліва рухаўся праз цэнтр Масквы.
У госці да Святой Матроны
У чатыры гадзіны раніцы мы стаялі ў хвасце саліднай чаргі ля варот Пакроўскага жаночага манастыра. Усе людзі былі з ёмістасцямі для вады і кветкамі: ісці ў госці да Святой Матроны Маскоўскай абавязкова трэба з кветкамі, як да жывой. Вакол манастыра прадбач-ліва размясціліся некалькі магазінчыкаў з кветкамі, якія ў такі ранні час ужо ва ўсю працавалі. Галінка хрызантэмы каштуе 26 тысяч (цэны адразу пераводжу ў беларускія рублі), ружа – 30. Недзе праз гадзіну чарга пачала рухацца, і мы трапілі ў вялікі двор, дзе зноў выстраіліся чаргой-змейкай, у якой прастаялі яшчэ больш за гадзіну. У чарзе я заўважыла шмат моладзі, былі пары з маленькімі дзеткамі, хапала і сталых. Адны былі апрануты па-паходнаму, іншыя – у вячэрніх сукенках і на шпільках. Праз нейкі час нас прапусцілі цераз спецыяльныя ахоўныя вароты і мы трапілі на тэрыторыю манастыра. Тут народ размеркаваўся яшчэ ў дзве чаргі: да мошчаў Святой Матроны і да цудадзейнай іконы. Мы сталі ў першую і яшчэ гадзіны тры стаялі.
Лічыцца, што калі Святую Матрону папрасіць пра нешта запаветнае, то жаданне абавязкова спраўдзіцца. Шчыра прызнаюся, у нейкі момант мне падалося, што я проста не вытрываю гэтага выпрабавання чэргамі. Але ў той жа час аднекуль браліся новыя сілы, і я ўсё ж трапіла да Матроны. На выхадзе з храма, дзе знаходзяцца мошчы святой, усім давалі кветкі, якія валодаюць тымі ж цудадзейнымі ўласцівасцямі, што і набраная тут вада. У царкоўнай лаўцы можна было купіць іконы коштам ад 15 тысяч да некалькіх мільёнаў рублёў, сувеніры.
У Хацькове – цішыня і пакой
У Хацькове, месцы, дзе пахаваны бацькі Сергія Раданежскага, было ціха і нешматлюдна. Тут мы правялі літаральна 40 хвілін: пакланіліся мошчам бацькоў вядомага святога, наведалі храм, царкоўную лаўку і адправіліся у Сергіеў Пасад.
Да Сергія Раданежскага
Свята-Троіцкая Сергіева лаўра была заснавана ў 14 стагоддзі Прападобным Сергіем Раданежскім і да сённяшняга дня з’яўляецца адной з самых значных рэлігійных святынь, буйнейшым цэнтрам праваслаўнай асветы і культуры. Для шумілінца прыезд сюды мае асаблівае значэнне, бо храм у Лескавічах таксама носіць імя гэтага святога. Хто тут бываў, мяне зразумее, бо словамі апісаць усю прыгажосць і нейкую асаблівую добрасць гэтага месца проста немагчыма. Наша група правяла ў лаўры каля чатырох гадзін, а ад’язджаць усё роўна не хацелася.
Наогул, Троіца-Сергіева лаўра – гэта буйнейшы праваслаўны мужчынскі манастыр са слаўнай гісторыяй. Каб не ўпусціць нічога важнага, лепш за ўсё ўзяць экскурсію. На тэрыторыі манастыра размясціліся праваслаўныя храмы, каплічкі, званіца (вышынёй у 88 метраў), царкоўныя і кніжныя лаўкі. Наогул манастырскі комплекс – гэта 45 будынкаў і помнікаў, многія з іх зараз на рэканструкцыі. У Троіцкім саборы знаходзяцца мошчы Сергія Раданежскага, якім можна пакланіцца. На плошчы перад варотамі яму ўзведзены помнік.
На тэрыторыі працуе некалькі манастырскіх трапезных, дзе можна перакусіць танна і надзвычай смачна. Да прыкладу, найсмачнейшы піражок з рыбай каштуе 11 тысяч, з бульбай – 5. І гэта ежа не мае нічога агульнага з тым, што прадаецца на вакзале. Дзецям мы набралі рознакаляровых пернікаў з арэхамі і згушчаным малаком, таксама ў якасці сувеніраў павезлі дамоў манастырскія пернікі, ромавыя бабы (усё па 14 тысяч), можна было купіць вялікія ўпрыгожаныя пернікі і пірагі коштам да 140 тысяч. Асобна хочацца сказаць пра манастырскі квас: смачны, у меру салодкі – сапраўдны. У лаўках прадаюцца магніцікі, розныя царкоўныя сувеніры, кнігі, посуд, упрыгожанні. Тут мы таксама набралі вады. А яшчэ жадаючыя акунуліся ў святой крыніцы. Сцвярджалі, што працэдура дала прыліў сіл і духу.
* * *
Гэта была апошняя кропка  вандроўкі. Дырэктар праваслаўнага духоўнага цэнтра Шумілінскага благачыння, арганізатар паездкі Вячаслаў Ільін  ужо запрасіў паломнікаў у новую вандроўку. Такія паездкі робяць жыццё вернікаў цікавым, насычаным.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №42 ад 03.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *