Рейд по железнодорожным переездам района провела шумилинская ГАИ

Безопасность

Чыгунка, чырвонае святло – тармазі
3 чэрвеня, у Міжнародны дзень бяспекі на чыгуначных пераездах, карэспандэнт раённай газеты ўдзельнічала ў рэйдзе з супрацоўнікамі ДАІ. Правяраліся стан пераездаў праз чыгунку ў Шуміліне і Добрыне, захоўванне вадзіцелямі Правілаў дарожнага руху. А работнікі Полацкай, Віцебскай і Варапаеўскай дыстанцый пуці  праводзілі інструктажы з вадзіцелямі аўтатранспарту, уручалі ім спецыяльныя памяткі.
“Чыгуначны пераезд у Добрыне – адзін з лепшых у раёне, – тлумачыць старшы дзяржаўтаінспектар Віктар Бурлакоў. –  Ён даволі ажыўлены, бо знаходзіцца на аўтадарозе рэспубліканскага значэння Гарадок-Ула-Камень”.
Як расказаў дарожны майстар Яраслаў Дышко, які абслугоўвае шэсць  чыгуначных пераездаў, быць сведкам таго, калі  машыны імчаць праз рэйкі на чырвонае святло, прыхо-дзіцца нячаста.
Тым не менш В. Бурлакоў  расказвае, што ў гэтым годзе на чыгуначных пераездах у рэспубліцы адбылося 7 ДТЗ, у тым ліку адно – у Віцебскай вобласці. Па рэспубліцы складзена 611 пратаколаў за парушэнне правілаў пераездаў. У нашым раёне за падобнае парушэнне сёлета прыцягнуты тры вадзіцелі, яны заплацілі штраф ад 2 да 4 БВ.
Пад’язджаем да чыгуначнага пераезда на вуліцы Сіпко. Тут, як і на пераездах па вуліцы Кірава, таксама парадак, святлафоры працуюць, пастаўлены абмежавальныя знакі. На жаль, гэтага не скажаш пра пераезд ля базы мінеральных угнаенняў. Тут ні знакаў, ні насцілу нармальнага. Не перашкодзіла б і кустоўе высекчы, якое нахілілася на рэйкі. Супрацоўнікі ДАІ выпісалі прадпісанне чыгуначнікам.
У ходзе рэйду не было выяўлена вадзіцеляў, якія пераязджаюць дарогу на чырвонае святло. Ды і хто ж на гэта адважыцца зрабіць, калі побач стаіць міліцэйская машына? Інспектар ДПС Аляксей Шніпаў праверыў 18 ва-дзіцеляў транспартных сродкаў. У аднаго з іх  быў пратэрмінаваны тэхагляд на легкавушку, за што пагражае штраф да дзвюх базавых велічынь .
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №44 ад 10.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *