Ноты жизни одного музыканта

Культура Людзі і лёсы

Ноты жыцця аднаго музыканта
А ўсё ж музыкант – мужчынская прафесія. Як касманаўт ці марак-падводнік. Не, сярод іх здараюцца і жанчыны, але куды лепей атрымліваецца, калі яны толькі натхняюць. Валерыя Латковіча  я выдатна магу ўявіць з мікрафонам на вялікай сцэне ці ў складзе якога-небудзь вядомага аркестра. Магу – але не хачу. А хачу я, каб іграў і спяваў ён толькі для нас, хачу, каб вучыў іграць на гітары нашых хлопцаў, каб дзіцячы аркестр пад яго кіраўніцтвам апраўдваў самыя смелыя спадзяванні, праслаўляў Шуміліншчыну.
Шчыра прызнацца, у першы раз давялося размаўляць з музыкантам, у якога неяк атрымліваецца да сваёй не пазбаўленай рамантызму прафесіі падыходзіць з самымі што ні на ёсць зямнымі меркамі. Ну, іграю на ўсіх музычных інструментах, ну, і што тут такога. Магчыма, і нічога такога, але толькі не для тых, хто прыблізна ўяўляе розніцу паміж акардэонам і фартэпіяна. Для многіх,  прабачце, гэта цуд, гэта божая іскра. “На скрыпцы і цымбалах я ж не іграю, – спрабуе Валерый наблізіць сваю асобу да памераў сярэднестатыстычнай. – Ды і наогул, людзей нячулых да музыкі няма. Хочаш навучыцца спяваць – спявай”. Вось такі рэцэпт ад прафесіянала, калі вы таксама сумняваецеся ў сваіх музычных здольнасцях.
А пакуль мы будзем спяваць, Валерый адпачне. Ён прызнаецца, што даўно не любіць гаманлівых кампаній, а любіць празрыстую цішыню і спакой. Так бывае на досвітку на возеры, калі існуюць толькі ты, твае думкі і твая вуда. Галоўная ўмова – ніякіх жанчын і ніякіх песень. Хаця – не, песні бываюць, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Адкрыццё рыбацкага сезона, мужчынская кампанія, вогнішча, у кацялку паспявае юшка, гітара – гэта і ёсць сапраўдная рамантыка, бальзам для душы. А яшчэ – паляванне. Самыя адназначныя мужчынскія захапленні, так мовіць, спрадвечныя. І наогул, калі гатаваць – то мяса, калі настаўнічаць – то строга, патрабавальна, калі музыка для сябе – то рок.
Дарэчы, калі Валерый успамінае часы росквіту гурту “Эксперымент-12”, ён ажыўляецца прыкладна так жа, як калі гаворыць пра рыбалку. “А ведаеце, чаму – 12? Мы ж, калі пачыналі ў 90-я, былі проста “Эксперыментам”, а потым вы-светлілася, што лічба 12 нас проста праследуе. Пяцёра нашых хлопцаў жылі ў кватэрах пад нумарам 12, на гастролі ехалі – абавязкова трапляліся ў цягніках 12-тыя месцы і гэтак далей. Вось і вырашылі, што будзем “Эксперыментам-12”, – расказвае музыкант. Ён упэўнены, што гурт абсалютна заслужана атрымаў нарэшце званне “Народны”. Хлопцы шмат працуюць, іх ведаюць за межамі краіны, запрашаюць на прэстыжныя фестывалі. Валерый ужо не ўваходзіць у дзеючы склад групы, дзе некалі быў клавішнікам, іграў на трубе, спяваў бэк-вакал. Але адчуваецца, што гэты праект – асаблівая старонка яго біяграфіі, магчыма, у нечым вызначальная.
Валерый Латковіч умее жыць, не шкадуючы ні аб чым, з упэўненасцю, што жыццё само ведае, як лепей. Галоўнай сваёй рысай называе цярплівасць, а я б яшчэ дадала – сціпласць. “Дзе яшчэ б вы маглі праявіцца, у якой сферы сябе ўяўляеце?”, – гэта пытанне сапраўды збянтэжыла майго суразмоўцу, ён праўда пра гэта ніколі не думаў. Як і пра тое, каб з’ехаць з Шуміліна, ну, хаця б у Віцебск. Тут жа азёры, а ён – рыбак. А ў вольны ад рыбалкі час ён абавязкова будзе спяваць. Ну, а калі надумаеце замуж выходзіць, – то і на вашым вяселлі таксама можа.
Не ведаю, што фарміруе асобу цэльную і гарманічную. Кажуць, што ўплываюць і знак задыяку, і ўласнае імя, і асаблівасці выхавання і шмат чаго яшчэ.   Адно безумоўна – музыка ў гэтым дакладна не перашкаджае.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
З біяграфіі
У 1988 годзе Валерый Латковіч скончыў Шумілінскую музычную школу па класу баяна, у 1990 годзе – па класу валторна. Самастойна асвоіў гітару. Паступіў ў Віцебскае музычнае вучылішча імя Салярцінскага па класе валторна. Пасля вучобы працаваў выкладчыкам па класу гітары ў музычных класах СШ №1. З 2004 года выкладае ў дзіцячай школе мастацтваў. Стаяў ля вытокаў рок-гурта “Эксперымент-12”.
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №44 ад 10.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *