Неудобицы и заброшенные огороды используют для выпаса скота в Шумилинском районе

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“Жывыя касілкі” – на няўдобіцы
Зямля павінна выкарыстоўвацца рацыянальна, а кожны ўчастак павінен быць дагледжаны. Зыходзячы з гэтай прапісной ісціны, сёлета ў сельгаспрадпрыемствах прымяняюць новы метад выпасу жывёлы –  на няўдобіцах.
На мінулым тыдні мы пабывалі на палетках УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, дзе на свае вочы пабачылі такі метад выпасу (на здымку). Непадалёк ад базы мінеральных угнаенняў частка поля ля дарогі была абгароджана электрапастухом. Тут і нізіна з асакой,  лазняк, купіны. Але цяляты , якія пасвіліся на гэтым участку, па-ўсяму бачна, не былі галоднымі. Так, травы тут  хапае, пацвердзіў дырэктар  райаграсэрвісу У. А. Арлоў.  Статкі цялят пасвіліся і ў калгасным яблыневым садзе ў Добрыне. Жывёла даволі добра аб’ела тут маладую сакавітую траву, прайшлася па саду нібыта газонакасілкі.
На няўдобіцах пасвяць жывёлу таксама ў КУСГП “Ульскі”, ААТ “Прыазёрны мір”, “Прыдзвінскі”. А вось у  “Ляжнях” агарадзілі нежылую вёску Данілава – там шмат кінутых агародаў, дзе вырасла даволі нядрэнная трава, на якой і пасвяцца цяляты.
На днях на няўдобіцы, куды не даедуць касілкі, павінны вы-гнаць жывёлу і астатнія гаспадаркі раёна, запэўніў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. А. Кузняцоў.  Дзякуючы такому метаду пасьбы, больш  палеткаў застаецца для нарыхтоўкі сенажу, а гэта значыць, можна нарыхтаваць больш корму на зіму.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №44 ад 10.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *