Заготовка кормов в Шумилинском районе идёт полным ходом

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Александр Василевский из "Приозёрного мира"

Работа не спыняецца і ноччу
У разгары касавіца. Адзін за адным да сянажнай траншэі, што ля фермы Маркава, пад’язджаюць трактары з поўнымі прычэпамі зялёнай масы. Сянаж на “Амкадоры” трамбуе Аляксандр Васілеўскі. Дырэктар ААТ “Прыазёрны мір” А. М. Пытко хваліць яго за якасную работу.
Пытаемся ў механізатара, як праверыць, ці добра ўтрамбаваны сянаж. “Калі слядоў на зялёнай масе не застаецца ад колаў трактара  – значыць, трамбоўка якасная, – адказвае механізатар. – Я працую толькі днём, а на другую змену, на ноч, заступае мой напарнік. Трамбуем кругласутачна”.
Пад’езды да траншэі засланы тоўстым слоем саломы – каб  бруд не чапляўся на колы трактара і не трапляў на сянажную масу. Тры-чатыры дні – і траншэя гатова. Пакуль яна першая ў гаспадарцы, змяшчае 1,3 тысячы тон.
“Палову калгаса абкасілі, ледзь назбіралі травы на адну траншэю, – разводзіць рукамі А. М. Пытко. – Трава сёлета ніякая. Быццам бы месцамі і высокая, але вельмі рэдкая – маразы пашкодзілі каранёвую сістэму. Ды і дажджы не пайшлі своечасова – у маі вунь якая гарачыня стаяла”.
Каб нарыхтаваць патрэбныя 13,5 тысячы тон сенажу з першага ўкосу,  механізатары ААТ “Прыазёрны мір” абкошваюць не толькі калгасныя палеткі. У прыватнасці,  суседні “Прыдзвінскі” аддаў гаспадарцы некалькі гектараў травы, вядзецца абкос і на былых агародах вяскоўцаў.
Праязджаем праз вёску Куціна. Аляксей Мікалаевіч паказвае абкошаныя невялікія ўчасткі на былых сядзібах вяскоўцаў. У гэтай вёсцы ёсць што касіць, бо людзі жывуць ўсяго на чатырох сядзібах. Толькі вельмі ж нязручна разварочвацца на такіх маленькіх лапіках, кажуць механізатары.
Іншая справа на полі, дзе мы заспелі касілкі. Дырэктар гаспадаркі хваліць  Аляксандра Данчанку, якому даверылі адзіную ў гаспадарцы дзевяцімятровую касілку, і Сяргея Лялюгу, што працуе на КДН-2,1.
На МТЗ з прычэпам пад’язджае на поле Мікалай Жыгуноў.  “У ПІМ змяшчаецца тон   дзесяць, – кажа Мікалай. – За дзень паспяваю зрабіць да васьмі рэйсаў да сянажнай траншэі”.
На 9 чэрвеня  ў ААТ ”Прыазёрны мір”  скошаны 481 гектар травы (41,4% да патрэбнага), нарыхтавана 1521 тона сенажу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №44 ад 10.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *