Надежда Ящук: Если не социальный работник, то кто посочувствует и окажет помощь?

Актуалии Общество

Калі не сацыяльны работнік, то хто?

Надзея Анатольеўна Яшчук працуе сацыяльным работнікам у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вось ужо больш за 11 год. Сёння яна сама не верыць, што яе стаж работы ў сферы сацыяльнага абслугоўвання пайшоў на другі дзясятак. Помніць, што прыйшла ў цэнтр даць працоўны водпуск сацыяльнаму работніку, а атрымалася, што засталася на доўгі час.
І гэта, сцвярджае кіраўніцтва ТЦСАН, не выпадковасць, гэта заканамернасць. Бо менавіта такія людзі, як Надзея Яшчук, – шчодрыя на душэўную цеплыню, спагадлівыя, добрыя, чулыя і сумленныя – могуць працаваць на такой складанай і адказнай пасадзе. Многія не вытрымліваюць, не праходзяць, як кажуць, выпрабаванне.
Зараз у Н. А. Яшчук дзевяць падапечных, усе жанчыны, усім за восемдзесят, ёсць сярод іх інвалід 1 групы, якому, вядома, патрэбна асаблівая ўвага і клопат. Таму і спяшаецца амаль кожны дзень сацыяльны работнік, які стаў практычна кожнаму кліенту “дачушкай”.
У зімовы час, расказвае Н. А. Яшчук, асабліва ў перадсвяточныя і святочныя дні, работы як ніколі многа. Прынесці прадукты і лекі, прыгатаваць ежу, скласці дровы, прапаліць печку. А яшчэ – прыбраць у хаце, памыць шторы і цюлі, каб Новы год падапечныя маглі сустрэць як след.
Трымаць марку, быць заўсёды далікатнай і ў пазітыўным настроі Надзеі Яшчук дапамагаюць сіла волі, цярпенне, упэўненасць у важнасці і неабходнасці прафесіі грамадству, уменне ладзіць з людзьмі. І, канешне ж, жаданне дапамагаць.
“Старасць трэба паважаць, – пераканана Н. А. Яшчук, – калі не мы, сацыяльныя работнікі, дык хто прыхарошыць і так нялёгкія будні падапечных, хто падставіць плячо, хто выслухае, паспачувае і акажа неабходную бытавую дапамогу людзям, якія самі гэта зрабіць ужо не могуць”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №1 ад 04.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *