Шумилинские хирурги делают 400 операций в год

Здоровье Общество

Шумілінскія хірургі
Чалавеку, далёкаму ад медыцыны, цяжка ўявіць, што хірургі нашай раённай бальніцы за мінулы год зрабілі каля 400 аперацый. Вось і незадоўга да сустрэчы з раённымі журналістамі яны правялі экстраную аперацыю – чалавека прывезлі з вострым панкрэатытам, аперацыя на падстраўнікавай залозе доўжылася шэсць гадзін…
“Ды што тут асаблівага, звычайная работа”, – загадчык хірургічнага аддзялення Аляксандр Рудовіч адмахваецца ад журналіста, якому гэтая звычайная работа здаецца не менш, чым геройствам. А яны не палохаюцца перад апендыцытамі, прабаднымі язвамі, раненнямі грудной клеткі і брушной поласці, і нават перад ампутацыяй канечнасцяў.
Аляксандр Рудовіч аперыруе пяць год, а Мікалай Міхалачкін толькі ў мінулым годзе закончыў медыцынскі, ён вядзе прыём хворых у паліклініцы, пры неабходнасці асісціруе на аперацыях. Умовы раённай бальніцы не параўнаеш з абласнымі і рэспубліканскімі, і самыя складаныя аперацыі праводзяцца там, але тое, што пад сілу шумілінскім хірургам, заслугоўвае вялікай павагі і ўдзячнасці.
У іх надзейная каманда – хірург, анестэзіёлаг, аперацыйная медсястра, санітарачка – кожны ведае сваю справу. Тут сплаў маладой напорыстасці і вопытнай сталасці. Аперацыйная медсястра Вольга Аляксандраўна Несцярэнка, напрыклад, ужо чвэрць стагоддзя правяла ў аперацыйнай. Уявіце, колькім людзям дапамаглі яе ўмелыя рукі!
А санітарка Валянціна Дзмітрыеўна Багінская расказала, як яна рыхтуе аперацыйную, як падчас аперацыі працуе “на падхваце”, пахваліла сённяшніх маладых хірургаў, добрым словам успомніла тых, з кім пачынала працаваць 24 гады таму: Тэнгіза Вардэнавіча Гугенашвілі, Еўдакію Пятроўну Бурлакову, пажадала ўсім медыкам і пацыентам толькі здароўя і толькі дабра.
На здымку (справа налева) загадчык хірургічнага аддзялення Аляксандр Канстанцінавіч Рудовіч, хірург Мікалай Яўгенавіч Міхалачкін, аперацыйная медсястра Вольга Аляксандраўна Несцярэнка, санітарка Валянціна Дзмітрыеўна Багінская (сядзіць).
Надрукавана ў № 45 ад 13.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *