…И золотая медаль ВДНХ

Людзі і лёсы

І залаты медаль – ад ВДНГ
Пярвічная прафсаюзная арганізацыя райаграсэрвісу не забылася перад Днём сельскай гаспадаркі павіншаваць сваіх ветэранаў працы. Наведалі былую загадчыцу свінакомплексу Еўдакію Пятроўну Кавалёву, былую свінарку Зою Іосіфаўну Карнакову.
“У Лескавічах была свінаферма на 120 галоў, – згадвае Е. П. Кавалёва. – У канцы 60-х пабудавалі комплекс, дзе вырошчвалі да  чатырох тысяч свіней”…
Больш за трыццаць гадоў аддала Еўдакія Пятроўна свінагадоўлі. Яна расказала, як у 50-я гады (тады ў  Лескавічах быў калгас “40 год Кастрычніку”) грошы за работу не плацілі, за адпрацаваныя дні разлічваліся зернем ці бульбай.
Побач з комплексам быў калгасны сад. “Мы выпускалі летам свіней на прагулку, – гаворыць былая загадчыца комплексу. – яблыкаў у садзе – цэлае мора. А побач пасеяны віка з гарохам. Свінні наядуцца, сыдуць у высокую траву і спаць палягуць. Бывала, што свінаматкі і апарасіліся ў кустах. А потым прыводзілі 15-20 парасятак – усе здаровенькія, чысценькія”.
Людзі тады, кажа Еўдакія Пятроўна, працавалі перш за ўсё дзеля дабрабыту роднай краіны. Яе калектыў трымаў на комплексе  парадак, добрыя прывагі, кармоў хапала ўдосталь. За працоўныя заслугі мае два ордэны – Працоўнага Чырвонага Сцягу і Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Важкія працоўныя заслугі і ў былой свінаркі з Лескавіч Зоі Іосіфаўны Карнаковай, яна ўзнагароджана ордэнам “Знак пашаны” і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Сёння жанчыне ёсць што ўспомніць. Як напрыклад, у 1976 годзе прыняла сацыялістычныя абавязацельствы атрымаць у сваёй групе ад трыццаці свінаматак паўтысячы парасят. Атрымала на 77 больш. За   такія дасягненні была запрошана на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву, дзе атрымала важкую ўзнагароду – сярэбраны медаль. Па рашэнню галоўнага камітэта ВДНГ за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі Зою Іосіфаўну ў 1979 і 1982 гадах узнагародзілі залатымі медалямі. Зараз пасведчанні аб узнагароджаннях знаходзяцца ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
“Усё жыццё прысвяціла рабоце ў жывёлагадоўлі, – гаворыць жанчына. – Адпрацавала на ферме амаль сорак гадоў. Мая мама таксама тут рупілася і мяне навучыла. Помню, толькі адзін раз у сваім жыцці спазнілася на работу: падграбала сена ля Ахрамеева, ледзь управілася адна. Прыбягаю на ферму, а свінні пішчаць. Вельмі шкада мне іх было, раздаю кармы і плачу”.
Каб дабіцца добрых поспехаў, каб парасяты нараджаліся здаровымі, патрэбен быў добры догляд. З. І. Карнакова давярала толькі самой сабе – вартаўнікі ж маглі і праспаць. Ноччу свінарка часта дзяжурыла сама.
Сёння ў райаграсэрвісе ганарацца такімі працаўнікамі, як Е. П. Кавалёва і З. І. Карнакова. Іх прозвішчы і фотаздымкі будуць змешчаны на першых старонках альбома гісторыі гаспадаркі, збор матэрыялаў да якога ідзе поўным ходам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №93 ад 30 лістапада 2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *