Клады шумилинской земли

Край шумілінскі

Скарбы Сіроціншчыны
З даўніх часоў людзі адкладвалі, збіралі грошы і каштоўнасці на “чорны дзень”. У часы ліхалецця сабранае хавалі ў падвалах, скляпах, калодзежах, на могілках ці проста закопвалі ў зямлю ў прыметным месцы: пад валунамі, дрэвамі, мурамі. Здаралася, што схаванае па розных прычынах так і заставалася незапатрабаваным доўгія гады і нават стагоддзі. Так утвараліся клады. Толькі выпадкова хтосьці знаходзіў схаваныя багацці, часцей за ўсё манеты і каштоўныя ўпрыгажэнні. З’явіліся людзі, якія пачалі шукаць клады мэтанакіравана. Зараз гэта робяць пры дапамозе тэхнікі, спецыяльных прыбораў.
На Шуміліншчыне, якая знаходзілася на перакрыжаванні важных гандлёвых шляхоў у розныя гады былі знойдзены манетныя клады, у тым ліку і дастаткова буйныя.
Буйнейшы скарб знойдзены ў 1893 годзе каля вёскі Чэрчыцы: амаль дзве тысячы сярэбраных манет (талеры Злучаных Правінцый (так калісьці называліся Нідэрланды), манеты іншых краін Заходняй Еўропы). Скарб схаваны ў 1648 годзе.
Адзін з самых старажытных кладаў, схаваных у 943-944 гадах, быў знойдзены ў 1867 годзе каля вёскі Тупічына: 135 сярэбраных дырхемаў Арабскага халіфата. (Звычайна ўзрост кладаў вызначаюць па датах на манетах – рэд.)
У 1913 годзе каля вёскі Выгаркі (была калісьці паміж Зямцамі і Юрава)  знойдзены 120 медных манет Расійскай імперыі, схаваных у 1812 годзе.
У пачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя каля вёскі Сянькова знойдзены даволі цікавы скарб са 182 сярэбраных манет: капейкі Расіі, чвэрткі талераў Іспанскіх Нідэрландаў, талеры Злучаных Правінцый. Клад схаваны ў 18 стагоддзі.
Знойдзеныя скарбы сведчаць пра шырокія гандлёвыя сувязі нашых продкаў з далёкімі краінамі.
Вядома, не ўсе скарбы знойдзены, зямля хавае ад людскога вока шмат сакрэтаў і тайн. Пра адзін з такіх скарбаў, схаваных у сіроцінскай зямлі пісаў у 1899 годзе святар сіроцінскай царквы Іаан Гнядоўскі: “Да прадметаў даўніны можна аднесці два вычасаныя з каменю крыжы, стаячых каля царкоўнай агароджы. Кім пастаўлены, указанняў няма. Пад адным быў пахаваны памерлы. Хто – паданне маўчыць. А пад другім схаваны скарб. Праверыць немагчыма, бо крыжы стаяць не на тым месцы, дзе яны стаялі раней…”
Адзін крыж захаваўся да нашага часу (на здымку), а дзе другі – невядома. Можа крыж “вярнуўся” да скарбу?..
В. Курыловіч, краязнаўца.
Надрукавана ў №46 ад 17.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *