Обольский Свято-Онуфриевский храм отметил свой первый престольный праздник

Актуалии Духоўнае

Новы храм. Першы за сто гадоў

25 чэрвеня новы обальскі храм адзначаў сваё першае прастольнае свята – дзень памяці Ануфрыя Вялікага. Раздзяліць светлую радасць з прыхаджанамі і настаяцелем храма іерэем Уладзімірам Пучынскім у храм на ўрачыстую літургію прыехалі шаноўныя госці – протаіерэй Міхаіл Марціновіч, настаяцель Віцебскага Свята-Успенскага сабора, памочнік архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага, шумілінскі благачынны протаіерэй Фёдар Пучынскі, святары, якія калісьці служылі ў обальскім прыходзе.

Беласнежны храм, які ўзнёс залатыя купалы ў блакітнае неба, адразу прыцягвае ўвагу тых, хто едзе па галоўнай вуліцы Обалі. Калісьці айцец Уладзімір прызнаваўся, што вельмі страшна было пачынаць, але падтрымка прыхаджан, спонсараў, уладаў надавалі рашучасці, і вось за даволі кароткі час пабудаваны ў гарадскім пасёлку новы храм. Цяпер праваслаўным вернікам Обальшчыне не трэба туліцца ў прыстасаваным памяшканні, у іх ёсць велічны, вельмі прыгожы храм.

Літургія ў храме працягваецца хрэсным ходам вакол царквы, ўрачыстым і ўзнёслым. Пасля, ужо ў храме, да прысутных звяртаецца протаіерэй Міхаіл: “Шчыра раздзяляю з вамі вялікую радасць. Калісьці на гэтай зямлі было шмат храмаў, потым не засталося ніводнага. Новы храм стане аплотам духоўнага адраджэння, духоўнай апорай ў жыцці прыхаджан, усіх жыхароў Обальшчыны. Спадзяюся, што недалёкі той час, калі мы будзем святкаваць адраджэнне Свята-Мікалаеўскай царквы і ў райцэнтры. Цяпер ідзе адраджэнне царкоўнага жыцця, храмы будуюцца па ўсёй Віцебскай вобласці, па ўсёй Беларусі. Гэта падчас візітаў на віцебскую зямлю заўважылі і высока ацанілі Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, новапрызначаны Экзарх усяе Беларусі Павел”.

Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў таксама павіншаваў абальчан, якія былі ў храме, з прастольным святам. “Радасць перапаўняе кожнага з прысутных у храме, але самая вялікая радасць у айца Уладзіміра, нястомнай працай якога пабудаваны гэты храм”, — заўважыў Анатоль Мікалаевіч. Вялікая работа святара па духоўным адраджэнні, яго дзейнасць у грамадскім жыцці Обальшчыны і нашага раёна адзначаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта.

Яшчэ шмат работы вакол храма па добраўпарадкаванні тэрыторыі, яшчэ наносяцца апошнія мазкі фарбы, яшчэ трэба давесці да ладу службовы будынак побач з царквой. Але храм ужо жыве. Сюды можна прыйсці, памаліцца, супакоіць душу.

Сяргей ПАЎЛАЎ.



1 комментарий по теме “Обольский Свято-Онуфриевский храм отметил свой первый престольный праздник

  1. Сапраўды падзея! Віншую абальчан. Хай чысцеюць вашы душы і мацуецца вера!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *