В Шумилинском районе чествовали победителей конкурса молодых механизаторов

Актуалии Молодёжь

Іх не пераманіш у горад
Да Дня моладзі было прымеркавана падвядзенне вынікаў конкурсу маладых механізатараў. Пад увагу браліся не толькі паказчыкі, але і якасць работы, і дысцыпліна.
Павіншаваць пераможцаў раённага конкурсу маладых механізатараў і ўручыць ім падарункі за добрую работу ў гаспадаркі завіталі намеснік начальніка ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. Г. Навіцкая,  старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В. В. Юхнавец.
Прозвішча Сяргея Бараноўскага з ААТ “Прыдзвінскі” кожны год на раённай Дошцы гонару, зацверджанай у раённай газеце “Герой працы”. Вось і сёлета сярод сеяльшчыкаў раёна ў Сяргея адзін з лепшых вынікаў –  амаль 800 гектараў зерневых і зернебабовых. А падчас першага ўкосу С. Бараноўскі паспеў скасіць больш за семсот гектараў травы. Хутка хлопец перасядзе на зернеўборачны камбайн – на падыходзе рапс і азімыя зерневыя. “Мне падабаецца жыць у вёсцы, – шчыра кажа Сяргей. – Тут я нарадзіўся, пакахаў, стварыў сям’ю. Тут і працую. Мае браты жывуць у горадзе, але мяне туды не пераманіш”.
Мікалая Жыгунова з ААТ “Прыазёрны мір” засталі за работай ва ўрочышчы Лялюгі: на сваім МТЗ ён перавозіў да сянажнай траншэі зялёную масу. На рахунку механізатара – больш за дзве тысячы тон, гэта адзін з лепшых паказчыкаў ў раёне. “Дзе толькі ні працую: вясной чапляў плугі, сеялку, а ў ліпені  сяду на камбайн”, – кажа Мікалай. Разам з бацькам на полі быў і шасцігадовы сын Мікіта. “Люблю свайго татку, – сказаў хлопчык. – Люблю з ім катацца на трактары, вось толькі шкада, што мае ногі не дастаюць да педаляў. Хачу хутчэй вырасці і працаваць на трактары. Як тата.”
Наступны пераможца раённых спаборніцтваў маладых механізатараў – Аляксандр Антонаў – жыве ў Слабадзе і працуе ў КУСГП “Сіроцінскі”.  Вясною хлопец даў фору і маладым, і сталым механізатарам – засеяў больш за тысячу гектараў зерневых, зернебабовых, кукурузы і рапсу. Працаваць дрэнна не дазваляе сумленне: Аляксандр – механізатар у трэцім пакаленні. Калісьці ў гаспадарцы працаваў ягоны дзядуля, цяпер рупіцца бацька і дзядзька. Так што Аляксандр праслаўляе шаноўную дынастыю Антонавых. Да таго ж, жонка Алеся працуе ў гаспадарцы аграномам. А будучы ўраджай напрамую залежыць ад якасці сяўбы. І Аляксандр вельмі вясною стараўся. Стараецца і цяпер, калі адвозіць зялёную масу: на рахунку механізатара больш за дзве тысячы тон.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №50 за 02.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *