АЧС. Осторожность лишней не бывает

Безопасность Сельское хозяйство

Засцярога лішняй не бывае
Дзякуючы рашучым мерам і жорсткаму каранціну, у мінулым годзе ў нашым раёне ўдалося не дапусціць афрыканскую чуму свіней. З вясны гэтага года  было дазволена купляць парасят. Са свінагадоўчага комплексу “Добрынскі” жыхарам раёна прададзена 230 парасят.
“Каранцінныя меры засталіся толькі ў ахоўнай зоне вакол свінагадоўчага комплексу. Нельга трымаць свіней жыхарам вёсак Добрына, Мікіціха, Залужжа, Юрава, Сіроціна, Зямцы, Ферма і Грудзінава, –  кажа начальнік райветстанцыі І. У. Галуза. – Таксама забаронена прадаваць ўсю прадукцыю жывёльнага паходжання на рынках”.
Комплекс прафілактычных мер праводзіцца на самім свінагадоўчым комплексе “Добрынскі” Віцебскага КХП, дзе ўтрымліваецца шэсць тысяч свіней. На комплекс абмежаваны доступ людзей, устаноўлена відэаназіранне. Пад’яздныя шляхі два разы на дзень апрацоўваюцца дэзінфекцыйнымі сродкамі.
Але інфекцыя захоўваецца ў лясах, пераносчыкамі хваробы з’яўляюцца дзікі. Зараз пачаўся ягадна-грыбны сезон, пачалося масавае наведванне лясных масіваў, а значыць з’яўляецца магчымасць прынесці небяспечны вірус дадому.  Выпадкі АЧС зарэгістраваны ў Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы. Зусім нядаўна, у чэрвені, зарэгістравана ўспышка чумы ў Латвіі. Прычына – занос інфекцыі на прыватныя падворкі з лесу.
Хаця работнікі райветстанцыі зрабілі дэзінфекцыю хлеўчукоў на кожным падворку, але ж  гаспадарам  не перашкодзіць строга захоўваць ветэрынарна-санітарныя правілы.
Як абараніць свіней ад хваробы?  “Галоўнае – гэта меры прафілактыкі, – кажа Іван Уладзіміравіч. – Варта выдзеліць спецыяльны абутак і адзенне, якія будуць выкарыстоўвацца толькі для догляду жывёлы. На ўваходзе ў хляўчук трэба пакласці дэзінфекцыйны дыванок. Дэзсродкі можна набыць у райветстанцыі. Свіней нельга трымаць у выгулах, пасвіць. Усе віды кармоў для свіней (бульба, буракі, мука і інш.), а таксама вада павінны быць падвергнуты тэрмічнай апрацоўцы. Нельга купляць камбікорм невядомага паходжання. Катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць на корм свінням прадукты, якія ўтрымліваюць мяса або кампаненты, атрыманыя пасля яго кулінарнай апрацоўкі. Да прыкладу, ваду пасля мыйкі мясарубак, нажоў, апрацоўчых дошак. Варта весці барацьбу з грызунамі, якія таксама з’яўляюцца пераносчыкамі многіх хвароб. Пасля наведвання лесу неабходна памыць абутак у праточнай вадзе, добра вымыцца самому, змяніць адзенне і абутак”.
Дарэчы, у грамадскіх месцах (магазінах, ФАПах, бальніцах, аддзяленнях сувязі і г.д.) работнікі райветстанцыі рэкамендуюць класці ля ўваходных дзвярэй дэзінфекцыйныя  дыванкі.
Пытаемся, ў галоўнага ветурача раёна, ці небяспечна АЧС для лю-дзей. “Выпадкі, калі хвароба распаўсюджваецца на чалавека, не ўстаноўлены, – кажа Іван Уладзіміравіч. – Што датычыцца мясных прадуктаў, якія прадаюцца на рынках і ў магазінах, то можна з упэўненасцю сказаць, што яны бяспечныя, бо праходзяць на мясакамбінатах спецыяльную санветэкспертызу”.
Паколькі пераносчыкамі афрыканскай чумы свіней з’яўляюцца дзікі, то стаіць задача іх поўнасцю знішчыць, расказаў карэспандэнту  дырэктар раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў А. А. Усаў.   У прыватнасці, у раёне сіламі таварыства і работнікаў лясгасу адстрэлена  больш за трыста дзікоў. Работы па адстрэлу працягваюцца.
Пра бяспеку асабістых падворкаў павінны паклапаціцца гаспадары. Варта строга выконваць рэкамендацый работнікаў ветстанцыі, захоўваць элементарныя меры бяспекі.  Засцярога лішняй не бывае.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №51 ад 08.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *