Ці трэба прыватызаваць дом у вёсцы?

Закон Сельское хозяйство

Ці трэба прыватызаваць дом у вёсцы?
У рэдакцыю раённай газеты звярнулася наша чытачка з а.-г. Мішневічы Н. А. Траццякова. “У роздуме, ці прыватызаваць нам дом, – кажа Надзея Анатольеўна. – Мы з мужам абодва пенсіянеры, дом калгасны. Калі  возьмем крэдыт на прыватызацыю і не паспеем яго выплаціць пры жыцці, хто ў такім разе будзе плаціць, калі ў абодвух дзяцей свае крэдыты на жыллё?”
Мы пацікавіліся ў дырэктара КУСГП “Мішневічы”, ці  ідзе прыватызацыя саўгасных дамоў. “Так, лёд скрануўся: людзі цікавяцца прыватызацыяй, збіраюць патрэбныя дакументы, – расказаў Міхаіл Герасімавіч. – Дамы ў вёсцы будаваліся за кошт льготнага крэдыту, які яшчэ не пагашаны. Таму гаспадар афармляе ў банку дагавор пераводу доўгу тэрмінам на дзесяць гадоў. Кожны месяц, у залежнасці ад кошту дома, трэба плаціць 1-1,8 мільёна рублёў”.
Што датычыцца працэдуры прыватызацыі, то найперш з заявай трэба звярнуцца ў мясцовую гаспадарку, патлумачыў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. А. Емяльянаў.  І час яшчэ церпіць – прыватызаваць жыллё можна да ліпеня 2016 года. “У тым выпадку, калі гаспадары ўзялі крэдыт на прыватызацыю і не паспелі яго выплаціць, гэтым павінны заняцца наследнікі, – кажа Вячаслаў Анатольевіч. – Як паказвае жыццё, людзі не баяцца прыватызаваць жыллё. А прыватызаваны дом на вёсцы можна пакінуць для дачы ці прадаць. У тым выпадку, калі наследнікі ўсё ж адмовяцца плаціць рэшту крэдыту, справа перадаецца ў суд. Праз суд будзе вырашана, адыдзе ці не дом у катэгорыю дзяржаўнага”.
Прыватызаваць дом ці не – гэта вырашаюць толькі самі гаспадары. Ніхто не прымушае. Але не прыватызаванае службовае жыллё атрымлівае статус камерцыйнага, і плата за яго будзе большай.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №53 ад 15.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *