
У раёне пачалі ўбіраць яравы рапс. Аднымі з першых прыступілі механізатары КУСГП «Ульскі». Асноўныя работы разгарнуліся ва ўрочышчы непадалёк ад вёскі Лескавічы.
На палетках зладжана працавалі пяцёра камбайнераў: Васіль Аглушэвіч, Дзмітрый Куляшоў, Генадзь Кадукоў, Валерый Тупіцын і Генадзь Козік. «Ураджай добры, мяркуем намалаціць па 5-6 бункераў кожны», – расказалі механізатары.
Перад аграрыямі стаіць задача якасна і без страт убраць 190 гектараў каштоўнай алейнай культуры. Сёлета стаўка зроблена на правераны беларускі сярэдняспелы гатунак «віхор», які выдатна зарэкамендаваў сябе ў нашых кліматычных умовах.
«Галоўны наш сакрэт – строгае захаванне тэхналогій, – кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Касцюкоў. – Каб атрымаць вынік, аграномы і механізатары выканалі ўвесь неабходны комплекс работ: у аптымальныя тэрміны ўнеслі мінеральныя ўгнаенні, правялі хімпраполку і забяспечылі абарону раслін ад шкоднікаў. Зямля аддзячыла добрым ураджаем. На палетках каля Лескавіч ураджай 20 цэнтнераў з гектара. Яравы рапс па ўраджайнасці абагнаў азімы».
Напружаная праца на палях працягваецца ад світання да вечара, бо кожная пагодлівая гадзіна, улічваючы капрызы надвор’я, – на вагу золата. Рапсавае зерне пасля прасушкі накіруецца на маслаэкстракцыйны завод у Віцебск.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
