Пра падарункі, шумілінскую поліўку і морс

Край шумілінскі Культура

Пра падарункі, шумілінскую поліўку і морс
У рамках “Славянскага базару” ў Віцебску прайшоў Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў “Віцебск-2014”, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У фестывалі бралі ўдзел прадстаўнікі з Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі.
На свята былі запрошаны і члены раённага таварыства інвалідаў – 17 чалавек з Шуміліна, Мікіціхі, Мікалаева, Обалі. Больш таго, шумілінцам было аказана ганаровае права адкрыць фестываль.
Разам з шумілінцамі карэспандэнт раённай газеты пабывала ў Доме культуры чыгуначнікаў. Трэба адзначыць, нашы землякі  падрыхтавалі добрую прэзентацыю свайго таварыства пад назвай “Партызанская застава”. Спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Нават душу апанавала гордасць за сваіх землякоў. Такой жа думкі прытрымлівалася і журы. І кожнаму шумілінцу было ўручана па спецыяльнаму прызу ад  старшыні Беларускага Саюза кампазітараў Ігара Лучанка, які ўзначальваў  журы.
Шумілінцы бралі ўдзел і ў канцэрце, які адбыўся на сцэне Дома культуры чыгуначнікаў. У намінацыі “Сольныя спевы” Г. І. Барысевіч з Кардона за песню “Яблыня” было прысуджана другое месца. І на наступны дзень Галіна Ігнатаўна разам з іншымі пераможцамі выступала ў Цэнтры культуры “Залатое кальцо-Дзвіна”.
На фестываль шумілінцы прывезлі багатую выставу прыкладнога мастацтва. Тут было шмат вышытых і вязаных рэчаў, арыгінальных падзелак і сувеніраў. Уразілі вазы з зерня кавы, жолудоў і ракушак – гэткую прыгажосць сваімі рукамі зрабіла Т. С. Калянковіч з Шуміліна. Мы шчыра радаваліся за Таццяну Савельеўну, якой напрыканцы свята быў уручаны дыплом за першае месца ў  выставе.
Беларуская нацыянальная кухня, выставу-продаж выпечкі якой наладзілі шумілінцы, таксама, на мой погляд, была на фестывалі самай лепшай. Разыходзіліся “на ўра” піражкі, хрушчы, булачкі, бутэрброды, свежыя ягады, гарачая бульба з маласольнымі гуркамі.  І расіянам, і немцам вельмі спадабалася шумілінская поліўка (яе нашы землякі прывезлі з сабой 13 літраў і ўсю прадалі) і морс (яго госці выпілі ажно 38 літраў!).
Напрыканцы  былі падведзены вынікі фестывалю. Шумілінскае таварыства інвалідаў было прызнана лепшым у намінацыі “За волю да перамогі” . Кожны шумілінец атрымаў падарункі ад цэнтральнага праўлення “Беларускага таварыства інвалідаў”.
“Мы вельмі задаволены паездкай, – кажа старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Л. М. Нагібава. – Ноч перад фестывалем не спалі: пяклі, варылі, адным словам, рыхтаваліся. І на фестывалі змарыліся, але душа ўсё роўна радуецца. Задаволены, што атрымалі многа падарункаў, што нас не абышлі ўвагай, што работу нашага таварыства высока ацанілі”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №54 ад 18.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *