Гран-при остался в Шумилино

Культура

Гран-пры застаўся ў Шуміліне!  Брава, «Буф»!

Гран-пры XVIII абласнога свята народнага гумару “Смяяцца не грэх” зноў застаўся ў Шуміліне – яго заваяваў народны тэатр мініяцюр “Буф” Шумілінскага цэнтра культуры.

Свята атрымалася грандыёзным, мнагалюдным, вясёлым, каларытным. Многія рабілі ўпор на лічбе 18, намякалі на паўналецце свята, калі можна дазволіць і больш “салёныя” жарты, але мяжу прыстойнасці ніхто не пераходзіў.

Пачалося свята гумару з шэсця-прывітання творчых калектываў Віцебшчыны. Больш за трыста артыстаў у апошні майскі дзень прыехалі да нас падзяліцца гумарам, пасмяшыць народ. Крута і ўпэўнена, па-гаспадарску, заехалі нашы землякі на “чорным буфферы”. Так вясёлая касцюміраваная калона дайшла да гарадскога парку, дзе на сцэне прайшоў конкурс візітовак-паштовак. Усіх удзельнікаў і гасцей свята віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама Зоя Гукава.

Пачынальнікамі конкурсу візітовак сталі шумілінскія хлопцы з “Буфа”. На стылі, харызматычныя, са сваім непаўторным стылем, яны сарвалі шквал апладысментаў. Да таго ж, многія проста ачмурэлі ад таго, што на сцэне былі адны мужчыны. У нас, шумілінцаў, вось так – моцная палова заўсёды падстаўляе плячо. Нават на сцэне. “Кошык смеху” прывезлі з Дуброўна, з суседніх раёнаў – Бешанковіцкага і Гарадоцкага – весялілі прыпеўкамі і жартоўнымі песнямі. “Пашумець у Шуміліна” прыехалі з Лепеля, тэатр мініяцюр “Свае хлопцы” з Міёраў жартам і ўсур’ёз вучылі не давяраць сумніцельным кур’ерам, “гаючую ваду” рэкламавалі з Сянно, добразычлівае суседства – з Ушач. Усё было з гумарам, падколамі. Усе раёны пастараліся арыгінальна прадставіць свае святочныя паштоўкі, адной з самых незвычайных стаў “Белы квадрат Цімафеева” накшталт чорнага квадрата Малевіча. У цэнтры квадрата – QR-код, вядома, з відэавіншаваннем. Сучасны падыход. Усе паштоўкі знойдуць свае месца прапіскі ў Шумілінскім музеі гумару, аб’явілі вядучыя, якім, дарэчы, асаблівы рэспект за адмысловы гумар і ўдалыя жарты.

Тым часам у гарадскім парку разгарнулася выстава-продаж кулінарных вырабаў «По ГОСТу» – у многіх з жартаўлівым акцэнтам. Усе ўдзельнікі пастараліся стварыць атмасферу савецкага часу, калі семкі прадавалі шклянкамі, на прылаўках ляжалі піражкі з павідлам і капустай, механічныя вагі. Калектыў беларускай нацыянальнай кухні і фальклору «Разынка» Шумілінскага Дома рамёстваў падрыхтаваў “Чайную” – прапаноўвалі гарбату з рознымі травамі, якія раней гатавалі ў самаварах, хвораст, хлеб з кменам, печаныя “арэшкі”, цукаты з гарбуза, варэнне з мяты і лімона. Дзіцячыя сады раёна прадставілі “антыкварную лаўку” з рэчамі з СССР.

Вясёлая музыка, жарты і смех паклікалі дзяцей на забаўляльную праграму «Планета дзяцінства». Наш раён у конкурсе прадставіла мім-шоу-група Обальскага ГДК «Дзеці сцэны». Забаўляльная праграма «Старая і пудзель» у вершаванай форме была арыгінальнай, даступнай і цікавай для дзяцей. Ярка выступілі клоуны з Шаркоўшчыны, лялька Лол і Шчаўкунчык з Віцебскага народнага цэнтра культуры і творчасці. «Першае месца прысуджана народнаму гульняваму калектыву “Востраў разумення” філіяла № 7 Глыбоцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці, – расказала намеснік дырэктара Віцебскага метадычнага цэнтра народнай творчасці Інэса Крукоўская. – Гэты ж калектыў атрымаў і дыплом “За арыгінальнае рэжысёрскае рашэнне”. Другое месца ў “Дзяцей сцэны” Обальскага ГДК, трэцяе – у Шаркоўшчынскага раённага цэнтра культуры».

У гарадскім парку была арганізавана выстава «Гумар паштучна», інтэрактыўныя бяспечныя пляцоўкі РАУС, раёна газазабеспячэння.

Тут жа, у цэнтральным парку, прайшоў розыгрыш бяспройгрышнай латарэі «Шумілінскія дарункі» ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Прайшоў весела, нязмушана, з жартамі. Было разыграна 75 лотаў. 75 шчасліўчыкаў з лёгкай рукі маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія старанна даставалі рознакаляровыя мячыкі з лічбамі з лататрону, сталі ўладальнікамі падарункаў ад спонсараў – арганізацый, прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў. Задаволенымі засталіся ўсе. Арганізатары латарэі вельмі ўдзячны ўсім, хто прэзентаваў прызы.

Галоўны конкурс па традыцыі адбыўся на сцэне раённага цэнтра культуры. Няпроста прыйшлося членам журы ацэньваць выступленні тэатральных, творчых калектываў і індывідуальныя выступленні. Журы прыйшлося праглядзець і праслухаць больш за 40 нумароў за амаль шэсць гадзін. Як у любым конкурсе быў прадстаўлены розны ўзровень выканання, розныя жанры, розныя падыходы.

Вельмі актыўна быў прадстаўлены Лепельскі раённы цэнтр культуры: пяць нумароў прадставіў народны тэатр мініяцюр “Балаган” Лепельскага РДК і столькі прадэманстравалі ўдзельнікі народнага тэатра мініяцюр “Кактус-кактуз” Поўсвіжскага СДК. Гэта прынесла пэўны вынік. Артысты з Лепельскага раёна атрымалі шмат дыпломаў розных ступеняў. Запомніўся гледачам каларытны Дзмітрый Паўлаў.

Таксама пяць нумароў прадставілі артысты з Палаца культуры г. Барань Аршанскага раёна, па чатыры нумары паказалі артысты Полацкага РЦК і навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў.

Са сцэны РЦК гучалі байкі і гумарыстычныя вершы, песні і прыпеўкі. Асобны жанр склалі міні-спектаклі тэатраў мініяцюр на тэму «Кошык гумару на беларускім кірмашы».

Шумілінскі “Буф” завяршаў конкурсную праграму міні-спектаклем “Бульбашы на кірмашы”. Гледачы цёпла віталі Аляксея Цімафеева, Андрэя Сомава, Міхаіла Корзана, Андрэя Трафімава (адзначаны Дыпломам за лепшы эпізадычны вобраз) і дэбютанта “Буфа” Дзмітрыя Казлоўскага, якія разыгралі тры бытавыя гумарыстычныя сцэнкі, прапанаваўшы і назвы для новых сартоў бульбы: “сімулянт”, “казіно” і “кінескоп”, у якіх высмеялі заганныя з’явы і рысы характару, а завяршылі забаўным відэаролікам пра бульбу. Фінальную кропку паставіў танец “Бульба-дэнс” у выкананні танцавальнага калектыву “Пчолкі” РЦК. Міні-спектакль рыхтавалі кіраўнік “Буфа” Аляксей Цімафееў і мастак-пастаноўшчык Таццяна Багданава.

Асобна хочацца адзначыць канцэрт “Струны душы” цымбалісткі Ганны Шаркоўскай з Лепеля. Яе феерычнае выступленне, якое запоўніла паўзу падчас падвядзення вынікаў конкурснай праграмы, літаральна “парвала залу”. Яна прадэманстравала сваім выкананнем, што народны інструмент можа ўпісацца ў самае сучаснае шоу, гучаць не горш, чым электронныя інструменты, выконваць сучасную музыку. Як высветлілася, некаторыя гледачы прыйшлі менавіта на Ганну Шаркоўскую, бо ведаюць яе творчасць па Цік-току.

Пры падвядзенні вынікаў журы не пакрыўдзіла нікога, тым больш, што намінацый хапала, а суцяшальныя дыпломы за  ўдзел у свяце дасталіся ўсім, хто не атрымаў прызавых.

Але гледачы чакалі вынікаў галоўнага конкурсу сярод тэатраў мініяцюр. Трэцяе месца прысудзілі народнаму тэатру сатыры і гумару “Фанограф” Гарадоцкага РЦК за міні-спектакль “Гумарыстычны кошык”. Дыплом ІІ ступені ўручаны народнаму сатырычнаму гурту “Шпілька” Глыбоцкага ГДК за спектакль “Віцебскі кірмаш з глыбоцкім акцэнтам”. “Гумарыстычны кошык па-лепельску” народнага тэатра мініяцюр “Балаган” Лепельскага РДК журы заслужана ацаніла дыпломам І ступені. Гран-пры конкурсу заваяваў народны тэатр мініяцюр “Буф” Шумілінскага РЦК – менавіта так ацаніла журы аўтарскую пастаноўку “Бульбашы на кірмашы”.

Таксама Дыплом за актыўны ўдзел у свяце ў ролі вядучага атрымаў Андрэй Крыўцоў.

Да сустрэчы праз два гады, калі аматары дасціпнага народнага гумару зноў збяруцца ў Шуміліне, каб паспаборнічаць ва ўменні смяшыць народ. Гэта, як паказаў фестываль, не кожнаму ўдаецца рабіць адмыслова, па-сапраўднаму і па-сучаснаму.

Алена КАРПУШЭНКА, Сяргей ЕРМАЛАЕЎ, Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *