Прэмія імя Петруся Броўкі – у Антона Параскевіна

Актуалии Культура

Прэмія імя Петруся Броўкі – у Антона Параскевіна
Імя Антона Параскевіна (творчы псеўданім Віктара Васільевіча Улюценкі) добра вядомае не толькі на Шуміліншчыне. Кнігі нашага земляка любяць ўсе, хто цікавіцца гісторыяй і краязнаўствам Віцебшчыны.

Малавядомыя гістарычныя факты пра падзеі і людзей, легенды і паданні, загадкі прыроды Шумілінскага краю знайшлі адлюстраванне на старонках ягоных кніг. Ёсць у Віктара Васільевіча празаічныя і паэтычныя літаратурныя творы. Чатыры кнігі пісьменніка ўбачылі свет: “Светлозар”, “Августовская купель”, “В краю каменных исполинов”, “Камни говорят”. Пра ўсё гэта гаварылі ў Віцебскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Максіма Горкага, дзе на мінулым тыдні ўжо чацвёрты год запар ладзілася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі.
Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Л. К. Аленская, штогод перад камісіяй стаіць няпростая задача выбраць лаўрэатаў, бо пісьменніцкая суполка Віцебскай вобласці дастойна працягвае дасягненні сваіх папярэднікаў – класікаў беларускай літаратуры, і прадстаўляе багаты творчы плён.
Разам з В. В. Улюценкам, які атрымаў прэмію ў намінацыі “проза”, лаўрэатамі прэміі сталі таксама паэтэса з Шаркоўшчыны Кацярына Сосна і віцебская пісьменніца Маіна Бабарыка, чые творы для дзяцей вядомыя з 60-х гадоў мінулага стагоддзя.
Так склалася, што сёлета была адзначана творчасць пісьменнікаў сталага ўзросту. Але, віншуючы лаўрэатаў прэміі, старшыня абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Т. І. Краснова-Гусачэнка адзначыла сувязь пакаленняў, непарыўнасць творчай традыцыі Віцебшчыны, бо на змену сталаму пакаленню пісьменнікаў расце новая творчая плынь паэтаў і празаікаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2016 г.



1 комментарий по теме “Прэмія імя Петруся Броўкі – у Антона Параскевіна

  1. Рады за В. Улюценку! Сардэчна віншую і жадаю яму натхнення і вялікіх поспехаў!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *