СОНЦА НАД БОРАМ

Духоўнае Общество Сельское хозяйство

СОНЦА НАД БОРАМ
Пакажыце таго, хто ні разу ў жыцці не бываў у бары? Няўжо ёсць такія, нават сярод самых закасцянелых гараджан? Чалавеку ад прыроды  дадзена шанаваць і цаніць чыстае, свежае і некранутае, цнатлівае. Не кажу пра глухамань, мядзведжы кут з балотамі (хаця і тут знойдуцца аматары экзотыкі і экстрыму), кажу пра бор як мясціну, дзе адчуваеш, нібы ў раю. “Па-райску” сказаў у свой час Пятрусь  Броўка ў адным з вершаў: “Хiба на вечар той можна забыцца? …Сонца за борам жар-птушкай садзiцца, штосьцi спявае пяшчотнае бор, пахне чабор, пахне чабор…”
Калісьці мы часта выязджалі па грыбы ў бор, што пад самай вёскай Шэдзькі, якая разлеглася па беразе Дзвіны. Тады вёска жыла і зімой, і летам. Зараз тут зімой ніхто не жыве. Адны ваўкі. Ажывае яна летам, калі злятаюцца дачнікі. І былыя дзеткі, і тыя, хто купіў сабе сядзібу ў глухім месцы і жыве сабе, як у Бога за пазухай. Хаця не, не зусім за пазухай: дарогі тут такія, што толькі на «внедорожнику», па-руску кажучы, ці на трактары і дападзеш. А тут яшчэ “рупліўцы” з “Радніка” перааралі дарогу. Кіраўніцтву фермерскай гаспадаркі наўрад ці баліць за тых, хто асталяваўся там, удалечыні ад цывілізацыі і даброт. Праўда, неўзабаве памылку сваю выправілі, аднак сам факт, што адразаюць, вобразна кажучы, ад “Вялікай зямлі” гэты аддалены куточак, не суцяшае, а надае трывогі.
А злятаюцца ў Шэдзькі пераважна пенсіянеры. І ў каго свой “внедорожник” або трактар, і ў каго гэтага няма. Не селяцца ж у вёсцы Рыжэнькі, на малой радзіме вядомага паэта Алега Салтука, хаця яна куды бліжэй да цывілізацыі, да цэнтральнай сядзібы СФГ “Раднік”. Тут прыгожы, мілы куток, але тут няма самага, бадай, галоўнага – рэчкі. Дзе рыба, купальня і  летняя прахалода. Лес добры, а рака Дзвіна не працякае. Туліцца, не – тулілася ў бытнасць Алега Уладзіміравіча па хмызняку рэчачка Нарэшня. Ёй паэт прысвяціў нямала цёплых радкоў. Але яна мілая сэрцу менавіта яму, наўрад ці будзе ўчарашняя рэчка дарагой прыезджаму з Віцебска ці Шуміліна.
Пад Шэдзькамі, трэба сказаць, яшчэ больш грыбныя мясціны. Былі грыбныя, пакуль стаяў вячысты бор. Пасля прыехалі мужныя людзі з моцнымі рукамі і вострымі піламі і вывезлі хвою, каб мець з яе дошкі, узвесці з яе дабротны дом, які будзе ўсё жыццё аддаваць гаспадару свой водар жывіцы, бору і гаючасці. І энергію сонца, якое кожную раніцу цалавала бухматыя макаўкі  хвоі, і за тыя трыста гадоў, што жыве, не, за гады, калі дасягне палавой спеласці, яна набрала процьма жывільнай моцы.
Гэта нармальна,  калі спелая драўніна трапляе пад пілу. Мы ж пра той бор, за якім стулілася, вырваўшыся з абдымкаў лесу, ціхая вёсачка, якой няма і якая хутка знікне і на карце раёна. І той бор, які сустракаў нас крамянымі махавікамі і шампіньёнамі, мацакамі-баравікамі і абабкамі,  таксама сёння гісторыя. І памяць. Памяць, магчыма, і для тых, хто вывозіў хвою з гэтага лесу, і нават для тых, хто ўсяліўся ў хату, пастаўленую з яе драўніны. А найперш, вядома, для ўчарашніх дзяцей-шэдзькаўцаў, хто нарадзіўся тут і хто жыў, пакуль не вылятаў з гнязда…
Сёння для ўчарашніх абарыгенаў гэта асірацелая вёска маркотнай (а мо і светлай) памяці. І, напэўна, добра, што яе не забываюць па сутнасці чужыя людзі – дачнікі.
Хаця як сказаць, можа, і не чужыя. Яны прынеслі ў гэты забыты Богам край свой менталітэт, удыхнулі ў вёску жыццё. Няхай нават толькі на летні час. Хто ведае, мо заўтра вернуцца да свайго бацькоўскага гнязда тыя, хто вылецеў адсюль юначай парой. Хаця ў такі паварот лёсу вёскі верыш з цяжкасцю.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №55 ад 22.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *