В поле зрении Шумилинского районнго Совета депутатов и участников заседания райисполкома — выполнение прогнозных показателей

Актуалии Край шумілінскі Официально

Апраўдаць высокі давер, акупіць шалёныя грошы
Як выкананы параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе 2014 года і якія задачы стаяць, каб выправіць сітуацыю – менавіта аб гэтым гаварыў у сваім дакладзе на сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая праводзілася сумесна з пасяджэннем райвыканкама, намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы В. В. Доктараў.
Віктар Віктаравіч засяродзіў увагу на тэндэнцыі развіцця прамысловасці. Выкананне вытворчых паказчыкаў склала па раёне 95% пры заданні 117%. Не дамогся таго, што меркавалася, ААТ “Обальскі керамічны завод”,  знізіла свае вытворчыя параметры УП ЖКГ. Не менш важны аспект вытворчасці – збыт прадукцыі. Менавіта з гэтым праблема і на ОКЗ, і на льнозаводзе (на ОКЗ запасы  складаюць сёння 33% пры заданні 6%). На керамічным плануецца буйная мадэрнізацыя, якая дазволіць значна павялічыць аб’ёмы вытворчасці, палепшыць якасць цэглы. Нацэлены на мадэрнізацыю і ва УП ЖКГ.
Спыніўся дакладчык на развіцці сельскай гаспадаркі, зрабіўшы акцэнт на вытворчасці і рэалізацыі малака. Абвал з гэтым у ААТ “Лаўжанскае”, ААТ “Прыдзвінскі”, КУСГП “Мішневічы”. Вынікі работы засмучаюць: ад нізкай рэалізацыі малака гаспадаркі недаатрымалі 390 мільёнаў грашовай выручкі, 957 мільёнаў страцілі з-за нізкай таварнасці. Усяго ж страты ад вытворчасці за першае паўгоддзе дасягнулі амаль 3 мільярдаў рублёў.
Не абышоў увагай В. В. Доктараў рознічны гандаль, дзе таксама праблем пад завязку, спыніўся на жыллёвым будаўніцтве, на інвестыцыях у асноўны капітал, на ўзроўні зарплаты ў калектывах раёна. Адзначана, што за першыя шэсць месяцаў года прадпрыемствамі раёна атрымана 7,4 мільярда чыстых страт супраць 3,8 мільярда чыстых прыбыткаў за аналагічны перыяд 2013 года. Пачынаць трэба з самага надзённага і важнага – клопату пра чалавека, спажыўца. У адным з магазінаў у зале такая спякота, нібы ў Сахары. Няма кандыцыянера. Не можа задаволіць шэрасць кафэ “Блюз” і “Фартуна”, хаця повары тут выдатныя. Няма прасоўвання па якасці паслуг у кафэ “Клякса”. Даўно пара прадумаць пра гульнявыя апараты, пра  іншыя формы сэрвісу, якія прыносілі б даход у касу райпо. Цяжка сёння таварыству: не хапае абаротных сродкаў. Месячная выручка дасягае летам 9,7 мільярда рублёў – недаравальна мала для таго, каб выйсці на свабодныя грошы.
Сітуацыя ў эканамічным сектары раёна трывожная. Не дадало аптымізму выступленне дырэктара ААТ “Обальскі керамічны завод” П. І. Манака. У аблвыканкаме выдзелілі на мадэрнізацыю ОКЗ 74 мільярды рублёў. Сродкі вялізныя, і калі яны не скрануць лакаматыў праблем на заводзе – грош цана ўсім патугам. Амаль 50 мільярдаў ужо ў справе, засталося 25 мільярдаў рублёў, якія праходзяць камісію аблвыканкама. Закупяць на заводзе абсталяванне, правядуць мантаж недзе да лістапада г. г. Хацелася, каб раней, каб можна было мець новую прадукцыю напрыканцы 2014-га. Аднак рэальна серыйная прадукцыя пойдзе не раней сакавіка-красавіка 2015 года – так лічыць сам дырэктар П. І. Манак.
З  праблемамі па аказанні паслуг сутыкнуліся ва УП ЖКГ. Дырэктар прадпрыемства І. К. Штуро  ў сваім выступленні  расказаў пра тое, што робіцца, каб выйсці з непрыемнай сітуацыі. Што недабралі грошай за цяпло ў канцы ацяпляльнага сезону – пра гэта гаварыць не будзем: на надвор’е не скардзяцца. Добра, што сэканомілі паліўныя рэсурсы, у тым ліку газ. Дазволіць ісці ў нагу з часам мадэрнізацыя на кацельнях у Слабадзе і ў Обалі. Ёсць рэзервы для паляпшэння эканомікі прадпрыемства.
Непрадузятая і павучальная гаворка адбылася з нагоды правалаў у некаторых гаспадарках раёна. Дырэктар ААТ “Лаўжанскае” А. А. Кавальчык  з высокай трыбуны запэўніў, што бяскорміцы ў зімоўку, што прыйдзе, кіраўніцтва не дапусціць. Будзе тут весціся і плюшчэнне зерня, немалыя надзеі на кукурузу, на другі ўкос траў.
На прычынах яўнага недабору малака спыніўся кіраўнік КУСГП “Сіроцінскі” М. А. Прыгодзіч. Але высокі сход цікавіла не гэта, цікавілі меры па выхаду з крызісу. Тут нізкая шчыльнасць жывёлы, не стае цялят для ўзнаўлення малочных статкаў.  Мусіць, не ад добрага жыцця прырэзалі 328 галоў  жывёлы, кожная вагой крыху больш за 200 кг. Аднак жа трэба дбаць пра заўтрашні дзень, пра сваю эканоміку. І па цялушках для ўзнаўлення статкаў, і наогул па развіцці жывёлагадоўлі ў гаспадарцы павінны канкрэтна і дзейсна дапамагчы ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Калі не будзе гэтага зроблена, усе размовы пра  вялікае малако акажуцца марнай справай.
Вялася гаворка і пра надзённыя клопаты.  Дакладваў В. В. Багатка – намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  райвыканкама. Гаворка перш за ўсё пра ўборку  рапсу і само жніво. Ураджай, па словах старшыні райвыканкама У. П. Кураннога, які ўзяў самы чынны ўдзел па тэме гаворкі, на полі добры. Нельга, проста злачынна дапусціць страты збожжа.  Каб жыць прыстойна і развівацца, трэба раёну 64 тысячы тон зерня. Лічба, можа, некаму і здасца завоблачнай, тым не менш такі ўраджай раён ужо меў – у 1976 годзе.  А каб паставіць заслон стратам, патрэбна адрэгуляваная тэхніка. Па тры гады стаяць знявечаныя 10 зернеўборачных камбайнаў. Яны разукамплектаваны. Патрабаванне кіраўніка раёна – разабрацца з тэхнікай, вінаватых прыцягнуць да адказнасці.
Аб падрыхтоўцы  да правядзення фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2014”, які будзе праводзіцца ў Гарадку, інфармаваў высокі сход намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Былі ўнесены змяненні ў рашэнне раённага Савета дэпутатаў ад 24 снежня 2013 года.
У рабоце форума прыняў удзел старшыня абласнога камітэта па эканоміцы  С. А. Зароўскі.
Сесія райсавета, праведзеная сумесна з пасяджэннем райвыканкама, прыняла разгорнутыя і канкрэтныя рашэнні.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №55 ад 22.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *