Открытый турнир по пляжному футболу был посвящён 90-летию Шумилинского района

Край шумілінскі Спорт, туризм

Вымучаныя галы і класная сустрэча
На мінулым тыдні ў ДАЦ “Дружба” ў Амбросавічах прайшоў першы раённы адкрыты турнір па пляжным футболе, прысвечаны 90-годдзю ўтварэння раёна. За перамогу змагаліся тры шумілінскія каманды – “Шуміліна”, “Шуміліна-2” і “Форвард”, а таксама каманды з Мікіціхі, Бешанковічаў і Наваполацка.
Жараб’ёўка добра-такі пажартавала над камандамі-ўдзельніцамі, адправіўшы  фаварытаў у адну групу. Тым самым фартуна дала выдатны шанс на добрае месца менш вопытным камандам.
Адкрыла турнір сустрэча паміж “Бешанковічамі” і “Форвардам”. Гульня праходзіла роўна, у пастаяннай барацьбе. Галявых момантаў узнікала няшмат. І тыя галы, што забіваліся, здаваліся нейкімі вымучанымі. Лагічна, што тры таймы па 12 хвілін не вызначылі пераможцу. А вось у серыі пасляматчавых пенальці ўдача была на баку бешанковіцкіх футбалістаў.
У такім жа стылі “Бешанковічы” па пенальці вырвалі перамогу ў “Шуміліна-2”. Больш-менш жывы футбол можна было пабачыць падчас гульні “Шумі-ліна-2” і “Форварда”. Для маладых футбалістаў з “Форварда”, відаць, было справай гонару абыграць больш вопытных землякоў, ды і фартуна была яўна на іх баку. Перамога над “Шумілінам-2” дазволіла моладзі заняць другое месца ў групе і пазмагацца за трэцяе агульнатурнірнае месца.
А вось кожны матч у другой групе мог стаць упрыгожаннем спаборніцтваў. Напачатку захапляльную сустрэчу выдалі “Шуміліна” і “Мікіціха”. Паўтара тайма мікіціхінскія футбалісты на роўных “біліся” з фаварытамі. Але вопыту не хапіла, ды і замен яўна не ставала. Канчатковы лік – 7:3 на карысць “Шуміліна” – быў поўнасцю лагічным.
Матч “Шуміліна” – “Наваполацк” стаў кульмінацыяй турніру. Класная, эмацыянальная сустрэча. З першых хвілін ініцыятывай на пляцоўцы завалодалі нашы футбалісты, на перапынак “Шуміліна” пайшло з даволі камфортным адрывам. У другіх 12-ці хвілінах усё памянялася: “Наваполацк” быў на вышыні, каманда не толькі зраўняла лік, а і выйшла наперад. Нярвовым выдалася апошняя частка сустрэчы. “Наваполацк” забіваў, “Шуміліна” адыгрывалася. Праўда, пасля рэалізаванага навапалачанамі пенальці лік зраўняць землякі не змаглі.
У апошняй групавой сустрэчы “Наваполацк” перамог “Мікіціху”. Зноў-такі роўная першая палова гульні і перавага гасцей у другой.
А вось у фінальных сустрэчах інтрыгі не атрымалася. У матчы за 3-яе месца “Шуміліна” не пакінула ніякіх шансаў “Форварду”, а ў матчы за 1-ае – “Наваполацк” без праблем разабраўся з “Бешанковічамі”. Такім чынам, прызавая тройка спаборніцтваў наступная: першае месца – “Наваполацк”, другое – “Бешанковічы”, трэцяе – “Шуміліна”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №56 ад 25.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *