Пра натарыят і статус дэпутата

Актуалии Официально Президент

Пра натарыят і статус дэпутата
21 ліпеня ў Доме Саветаў прайшло пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Пасяджэнне правяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Сёння ёсць нагода гаварыць пра тое, што нагрузка, якая ляжыць на службовых асобах сельвыканкамаў, вельмі разнапланавая. Яны сапраўды павінны многае ўмець, ва ўсё ўнікаць, быць у курсе тонкасцяў заканадаўства для таго, каб найбольш поўна задавальняць патрэбы вяскоўцаў. Пра тое, што сельвыканкамы з такімі задачамі спраўляюцца, сведчаць вынікі нядаўняй праверкі работы сельвыканкамаў па ажыццяўленні натарыяльных дзеянняў у 2012-2013 гадах, здзейсненай натарыяльнай канторай. Парушэнняў выяўлена не было. Пра гэта гаварыла загадчыца натарыяльнай канторы А. Г. Кашпар.
Наогул, сельвыканкамы маюць права здзяйсняць сем натарыяльных дзеянняў, але самыя распаўсюджаныя – складанне і засведчанне завяшчанняў і даверанасцяў. І калі ва ўсіх сельвыканкамах гэта работа даўно і стабільна наладжана, то з Обальскім – усё больш складана.
Справа ў тым, што да нядаўняга часу ў мястэчку працавала натарыяльная кантора, і ў сельвыканкама не было неабходнасці займацца пытаннямі натарыята. Але з пачатку гэтага года змяніўся статус натарыяльнай канторы наогул: цяпер нашы натарыусы, па-першае, сталі прыватнымі, і, па-другое, істотна скараціўся іх штат. І атрымліваецца, што ў Обаль сёлета не было зроблена ніводнага выезду натарыуса. І калі ў аграгарадкі заканадаўства прапісвае выязджаць з кансультацыямі, то ў гарадскія пасёлкі – не.
У выніку абальчане не маюць магчымасці атрымліваць натарыяльныя паслугі па месцы жыхарства. А нельга забываць пра тое, што ў гэтым пасёлку жыве 2 тысячы 600 чалавек, на што звяртала асаблівую ўвагу Ірына Мікалаеўна. А. Г. Кашпар прапануе ўскласці абавязкі па аказанні натарыяльных паслуг у Обалі на мясцовы сельвыканкам. Але ж сакратар Обальскага сельвыканкама ўжо сёння здзяйсняе за год, бадай, столькі ж адміністрацыйных працэдур, колькі райвыканкам, дзе для гэтага працуе асобны чалавек. Устае пытанне: ці ў стане чыста фізічна справіцца з такой нагрузкай чалавек, які пры ўсім гэтым не мае спецыяльнай юрыдычнай адукацыі. У сувязі з гэтым І. М. Новікава дэлегавала загадчыцы натарыяльнай канторы паўнамоцтвы ўзняць гэту праблему на абласным узроўні і ўсё ж знайсці выйсце. У выпадку неабходнасці будзе рыхтавацца матываваны ліст у Міністэрства юстыцыі.
Абмяркоўвалі на пасяджэнні прэзідыума і практыку арганізацыі прыёму грамадзян дэпутатамі Обальскага сельскага Савета, рэалізацыю прапаноў і заўваг, што паступілі ў ходзе сустрэч з выбаршчыкамі. Гэта пытанне нездарма абмяркоўваецца менавіта напачатку работы дэпутатаў новага склікання, заўважыла І. М. Новікава. Было вырашана на прыкладзе Обальскага сельсавета дамовіцца пра прынцыповыя падыходы ў рабоце дэпутацкага корпусу са зваротамі грамадзян. “Дэпутатам сельскага Савета няпроста ажыццяўляць прыём: ім можа быць звычайны механізатар, старэйшына вёскі, брыгадзір – просты чалавек. Таму найбольш актуальнай і прымальнай мерай прыёмаў будуць іх сустрэчы з насельніцтвам, прыём вусных зваротаў”, – выказвала думку Ірына Мікалаеўна. Усе пытанні, якія вусна адрасуюцца дэпутатам, павінны даходзіць да адпаведных службаў.
У Обалі, расказаў старшыня сельвыканкама М. А. Будневіч, усе звароты (іх “прыносяць” ад людзей 12 дэпутатаў, яны паступаюць у ходзе “прамых ліній” і прыёмаў грама-дзян) абагульняюцца і накіроўваюцца ў адрас адпаведных службаў для вырашэння. Мікалай Аляксеевіч прывёў канкрэтныя прыклады, калі менавіта дзякуючы актыўнасці мясцовых дэпутатаў былі вырашаны многія набалелыя пытанні. У гэтай сувязі ён гаварыў таксама пра неабходнасць павышэння статусу дэпутата, каб выбаршчыкі сапраўды бачылі эфект ад іх дзейнасці. Ірына Мікалаеўна прывяла ў прыклад энтузіязм, нястомнасць у рашэнні праблемы абальчан дэпутата А. С. Рымшы.
На пасяджэнні абмеркаваны шэраг іншых надзённых праблем.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №56 ад 25.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *