Есть выход: общество анонимных алкоголиков

Здоровье Общество

“Трэба навучыцца жыць цвяроза”
–  Добры дзень, я Алёна. Я алкаголік.
Прыкладна так пачынаецца знаёмства ў групе ананімных алкаголікаў, якая існуе ў нашым раёне вось ужо трэці месяц. Каардынатарам групы з’яўляецца жыхарка райцэнтра Ірына (тут прынята называць адзін аднаго толькі па імёнах). Жанчына расказала нам пра свой лёс: “Калісьці я таксама піла. Піла 14 гадоў.  Не лічыла сябе алкаголікам, думала, што ў любы момант магу прыпыніцца. Але з кожным днём гэта станавілася ўсё цяжэй. Дапілася да таго, што пачала губляць сяброў, сям’ю. Прачыналася кожную раніцу з думкай аб адным: дзе ўзяць наступную дозу спіртнога…”
Тады  супрацоўнікі РАУС накіравалі Ірыну ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Спачатку яна была супраць гэтага. А цяпер кажа, што прабыванне ў ЛПП перавярнула ўвесь яе лёс. І гэта дзякуючы таму, што жанчына наведвала там групу ананімных алкаголікаў.
Вярнуўшыся дадому, жанчына ўжо цвярозымі вачыма глянула на свет і ахнула: «Божухна, колькі ж п’юць у Шуміліне!”, і яна вырашыла дапамагчы сваім землякам. Стварыла групу ананімных алкаголікаў у Шуміліне. “Мне дапамаглі стаць чалавекам, і я таксама хачу дапамагчы людзям весці цвярозы лад жыцця,   – кажа жанчына. –  Наша група ананімных алкаголікаў  збіраецца ў касцёле Маці Божай Фацімскай па аўторках і чацвяргах з 18.00 да 21.00 і па суботах з 15.00 да 17.00. У касцёле нам проста прадастаўляюць памяшканне, але мы не звязаны ні рэлігіяй, ні палітыкай. Група працуе бясплатна.  Галоўная наша мэта: заставацца цвярозымі і дапамагчы іншым гэта зрабіць. Нас пакуль усяго некалькі чалавек, але мы спадзяемся, што землякі папоўняць нашы рады. Мы запрашаем прыйсці да нас усіх тых, хто хоча вярнуцца да нармальнага жыцця”.
Група ананімных алкаголікаў працуе па спецыяльнай праграме “12 крокаў” . Як сцвярджаюць члены групы, многія жыхары  проста баяцца, што наш горад маленькі і знаёмыя даведаюцца, што ты наведваеш групу ананімных алкаголікаў. Таму галоўны і самы важны крок  – гэта перамагчы свой страх, прызнаць сябе алкаголікам і пачаць лячыцца ад хваробы.  Група аб’ядноўвае мужчын і жанчын, якія дзеляцца сваім вопытам, сіламі і надзеямі з адной мэтай: навучыцца жыць цвяроза.
“Пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці можна, – кажа Ірына. – Галоўнае – жаданне самога чалавека. Першыя тры месяцы цяжкавата, а потым ужо нібыта нараджаешся нанова, прывыкаеш да іншага жыцця. Без алкаголю. Вядома, тыя, хто сёння злоўжывае спіртным, не могуць па-сапраўднаму ацаніць гэта жыццё. Можна жыць і радавацца без гарэлкі. А для гэтага трэба навучыцца жыць цвяроза”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №59 ад 05.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *