Пра кадзіроўку і дзве пляшкі… ў дзіцячай калясцы

Здоровье Общество

Пра кадзіроўку  і дзве пляшкі… ў дзіцячай калясцы
На вуліцы з бояззю чакаюць чарговую “порцыю” трапічнай спёкі, калі плавіцца пад нагамі асфальт, калі ў цяні трыццаць, а тут, на трэцім паверсе Дома Саветаў, з раніцы іншыя клопаты. На кушэтках, прыстаўленых да сцяны на калідоры, сядзяць і ціха гамоняць людзі. Яны хвалююцца, ім, відаць, не да таго, якім будзе дзень. Пакуль што. А выйдуць яны з кабінета і уздыхнуць з палёгкай: нікога члены камісіі па справах непаўналетніх не збіраюцца караць па максімуму, усё – у ашчадным рэжыме. Іншым разам і шкада чалавека: аступіўся, ці мала які “сюрпрыз” падкіне жыццё. Але чалавек – істота хітрая і каварная. Тут даруюць, даюць апошні шанц на выпраўленне, а ён зноў за сваё. Быццам гарох аб сценку. Сядзіць такі, глядзіць у вочы і адкрыта і нахабна хлусіць.
Але не навічкі і ў камісіі. Намеснік старшыні Л. А. Грузневіч, якая вяла чарговае пасяджэнне, ведае да драбніц пра кожнага з падапечных. Забяжым наперад, скажам: адзінаццаць сямей “прапусцілі”, і за кожнай цэлая гісторыя, не – усё-такі немалая трагедыя. Для камісіі, для тых, хто шчыра жадае, каб гэтыя адзінаццаць сямей павялі  прыстойнае жыццё. Сярод тых жа, хто сядзіць на крэсле “падсудных”,  так разважаюць далёка не ўсе. Вось маладая прыгожая жанчына з дачкой, якой пятнаццаць гадоў і якая дазваляе сабе шпацыр да паўночы. Адна, без маці. А дачка ў яе адна, таму, відаць, песціць. Вучыцца яна добра, але ж трэба разумець, што начныя ваяжы ў такія гады ні да чаго добрага не давядуць. Маці спачатку тапырыцца, прымае ў штыкі заўвагі, пасля, пад напорам штрафных санкцый, аціхае, згаджаецца, што дапусціла памылку.
Другая жанчына ніяк не возьме да розуму, што “два разы па трыццаць” (маецца на ўвазе, гарэлкі перад работай) – гэта правіннасць, гэта парушэнне працоўнай дысцыпліны. “Я ж не была п’янай. Я выпіла трохі… – абураецца жанчына. – Дык што, мяне адразу сюды?..”
У жанчыны  нейкі дзіўны курс лячэння. То яна сама сабе робіць уколы (расказвала, які раствор у левую, а які ў правую ягадзіцу – проста смех дый годзе!), то прымае “два разы па трыццаць”. Пасля, у больш нязмушанай гаворцы, даведаліся, што  ў яе з сяброўкай, з якой пілі і якая яе здала, ёсць адзін “незапатрабаваны” мужчына, які не ведае, якой з іх аддаць перавагу. “Вось і нагода для вас стаць лепшай, чым вы ёсць”, – выказалі ёй пажаданне.
Або вось пра кадзіроўку. Многія лічаць гэта панацэяй ад алкагалізму. Заплаціў грошы і ты – выратаваны. Такая думка ў корані няправільная. Важна чалавеку самому захацець не піць, мець волю адмовіцца ад кампаній, ад чаркі. Жанчыне – 25, жыццё па сутнасці толькі пачынаецца, а ўжо без гарэлкі яна не можа. Жанчына прад’яўляе білет на Мінск і візітку доктара, які ўзяўся яе лячыць. “Вось 300 тысяч за сеанс заплаціла, – кажа яна. – Яшчэ тры сеансы і мне хопіць”. Аказваецца, не ўсё так проста. Нікому доктар гарантыі не дае і не можа даць. Важна самому ўзяць сябе ў рукі.  А ў яе малое дзіця (няма і паўтара года), яна на доўгі час прападае, едзе ў Обаль да “кавалера”. А той кавалер – п’яніца і абібок. Нарэшце жанчына цяміць,  што ён за чалавек, і пакідае “кавалера”.
Добра, каб так яно і было. Няхай пашанцуе гэтай сям’і. Такога ж шчасця жадаем і маці чатырох дзяцей (а самой няма і трыццаці). Пакідае дзяцей на бабу з дзедам (бо з мужам не жыве), а сама напіваецца. “У мяне гены, – нібы  нейкі гераізм, прыпісвае яна сабе. – Пакуль не цягне да чаркі. А там… хто ведае”. На кадзіроўку не згодна. “Тройчы кадзіравалася, не памагае”, – прызналася. Вось вам  адзіная і, на жаль, марная надзея на тое, што нехта вылечыць без жадання самой пацыенткі.
Дзіка было слухаць гісторыю пра маладую матулю, якая ў дзве гадзіны дня набралася, як жаба твані. Ішла не адна, каціла каляску, у якой ляжала малое дзіця. Побач з дзіцём – дзве пляшкі гарэлкі. На апахмелле. Відаць, каб не каляска, каб не апора для жанчыны, яна дамоў не дацягнула б. Калі без жартаў, то дзякуй няхай скажа тым, хто пераняў яе і не дапусціў, каб каляска з малым, якому два месяцы, перакулілася. Вось тады была б сапраўды трагедыя.
У дзіцячы сад бацька прыйшоў забіраць дзіця нападпітку. У сям’і гэтай даўно непарадак. Маладыя развяліся. Ад былога кахання засталося чатырохгадовае дзіця. Жывуць разведзеныя ў адной кватэры – інакш не выходзіць. Яна прыводзіць у пакой свайго новага кавалера, ён – новую маладзіцу. А сын што? А ён, кажуць, ходзіць у госці і да мамы, і да таты. Праўды,  малы часта чуе крыкі, лаянку, абразу. Ці можа такое дапусціць камісія па справах непаўналетніх? Вядома, не.
Пра ўсе адзінаццаць сямей такога “пакрою” расказваць не будзем. Закончым адной гісторыяй. Даволі павучальнай для многіх бацькоў, у каго хлапчукі-падлеткі ці нават юнакі. У адной прыстойнай сям’і сын, які вучыцца ў Лепельскім каледжы, сабраў з “чармета”, выкінутага бацькам, матацыкл “Мінск”. Словам, Кулібін. Дзе браў запчасткі, расказвае, але так яно ці не, ніхто не правяраў. Сабраў і навучыўся вадзіць. Раз выехаў на рэчку – пранесла, другі – пранесла. А пасля пайшла чарада няўдач.  Перахапілі яго даішнікі – быў без правоў кіравання, другі раз – без страхоўкі…
Камісія ўлічыла многія змякчаючыя віну акалічнасці і  вынесла рашэнне абмежавацца пяццю базавымі велічынямі.  Маці, якую выклікалі разам з юнаком, расказала, што муж разабраў матацыкл так, што яго ніхто ўжо не збярэ. І вынес сваё пакаранне: зараз сыну няма часу свавольнічаць.
Справаздачу аб мерах па папярэджанні правапарушэнняў сярод вучняў СШ №1 трымала дырэктар школы В. В. Мянькова.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №59 ад 05.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *