Старшы прараб Шумілінскай ПМК-70 Васіль Новікаў – чалавек у калектыве будаўнікоў паважаны

Людзі і лёсы Общество Экономика

Не любіць здрады і недаверу
Старшы прараб ПМК-70 Васіль Андрэевіч Новікаў – чалавек у калектыве будаўнікоў паважаны. Цэняць яго, прыслухоўваюцца да яго думкі. А такое прызнанне само па сабе не прыходзіць…
Не думаў В. А. Новікаў, што звяжа сваё жыццё з будаўніцтвам. Калі вучыўся ў школе-інтэрнаце (родам ён з Каравайніцы, але так распарадзіўся  лёс, што трапіў сюды), захапіўся спортам. Усур’ёз і, думаў, што надоўга. Аднак умяшаўся выпадак, і дырэктар школы адправіў Васіля Новікава ў Наваполацкае вучылішча за арматуршчыка-бетоншчыка. З таго далёкага 1972-га і бярэ выток яго служэнне будаўнічай справе. Пасля вучылішча  закончыў у Гомелі школу майстроў-будаўнікоў. На той час быў жанаты, дамоў прыязджаць часта не выпадала, і маленькі сын усё сустракаў тату словамі: “Дзядзя?”. Пазней В. А. Новікаў вучыўся завочна ў Мінскім політэхнікуме, і зноў калі прыязджаў пасля сесій, другі сынок, таксама малеча,  туліўся да яго нагі і казаў: “Дзядзя”.
Пра гэта расказвае  В. А. Новікаў са смехам, іранічна. А ў гэтым праўда чалавека, які ўсё жыццё вучыўся і ўсё жыццё аддаў адной арганізацыі – ПМК, якую і сёння называюць МСО. Сорак з гакам гадоў адслужыў тут: і на раствора-бетонным вузле, і прарабам. Не здрадзіў, бо не любіць наогул здрады ў жыцці. Гэта рыса ў яго, хутчэй за ўсё, яшчэ са школы-інтэрната. Не прымае ён і недаверу па рабоце, у асяроддзі калег. Гэта зноў адтуль жа, бо дзе, як не там,  у гурце абдзеленых лёсам дзетак, узаеміны паміж імі будуюцца менавіта на даверы…
Колькі пабудаваў за жыццё кватэр, жылых дамоў, іншых аб’ектаў – В. А. Новікаў не лічыў. Сёння кіруе  рэканструкцыяй 12-кватэрнага жылога дома ў Обалі. Дом даваеннага “ўзору”, але пасля рамонту паслужыць яшчэ чалавеку. Гэта абяцае старшы прараб В. А. Новікаў, якому нядаўна ў ПМК-70 аказалі высокі гонар, вылучыўшы на раённую Дошку гонару. Заслужана!
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №60 ад 08.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *