Тематическая встреча «Чернобыль – черная быль» прошла в Шумилино

Новости Общество

“Чарнобыль – чорная быль нашай гісторыі”
26 красавіка, у Міжнародны дзень памяці ахвяр радыяцыйных аварый і катастроф, работнікі раённай бібліятэкі і раённага цэнтра культуры правялі сумесную тэматычную сустрэчу “Чарнобыль – чорная быль нашай гісторыі”. На мерапрыемства былі запрошаны нашы землякі, ліквідатары наступстваў Чарнобыльскай АЭС.
Успаміны. Яны непадуладны часу, іх не сціраюць дні, месяцы і гады. І сёння ліквідатары наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС помняць падзеі тых трагічных часоў. Помняць, як высялялі людзей з небяспечных зон, як зашкальвалі дазіметры…
Чарнобыльская трагедыя прынесла шмат гора беларусам. Таму 26 красавіка 1986 года – адна з самых трагічных дат у гісторыі нашай краіны, адзначыла ў сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая.  Мінула 33 гады пасля чарнобыльскай катастрофы, але гэты дзень і сёння згадваецца з болем у душы.  І што мы сёння жывём, радуемся, кахаем, у многім абавязаны тым, хто ў далёкім 86-ым знаходзіўся ў самым пекле атамнай бяды. Людзі рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб спыніць катастрофу.
–  Мы з маёй мамай Ганнай Прохараўнай Петрусенкай кожны год 26 красавіка запальваем свечку ў імя тых, хто загінуў, – расказала  жыхарка в. Мішкавічы Наталля Прыгун. – Калі здарыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС, маці жыла ў в. Калыбань Брагінскага раёна, за 12 кіламетраў ад месца трагедыі. Мама была ў ліку ліквідатараў, дапамагала  вывозіць жывёлу з заражанай зоны. Па стану здароўя яна не змагла прыехаць на гэтую сустрэчы ў бібліятэцы, папрасіла гэта зрабіць мяне. З задавальненнем перадаю ў бібліятэку нацыянальны жаночы касцюм Брагінскага раёна – у такіх дзяўчаты выходзілі замуж. Чырвоны колер касцюма азначае каханне, а чорны – журбу.
У кожнага з ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС свая гісторыя. Напрыклад, былы начальнік ДРБУ-204 Кірыл Аўсянкін з брыгадай знаходзіўся паўтара месяца ў Хойніках, дзе здымалі верхні слой заражанай зямлі і вывозілі яе за межы горада. Былы супрацоўнік аддзела пазаведамаснай аховы Уладзімір Карнілаў працяглы час знаходзіўся ў Нараўлянскім раёне, дзе адказваў за ахову правапарадку. За санітарны стан у Брагінскім раёне адказвала былы работнік санстанцыі Галіна Жыгунова.
Пра подзвіг усіх ліквідатараў гаварыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама  С. В. Валекава. Святлана Валянцінаўна адзначыла, што дзяржава клапоціцца пра тых, хто змагаўся з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і дае ім шэраг сацыяльных льгот.
Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пра ўсіх ахвяр чарнобыльскай трагедыі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2019 г.