Жизненный принцип Валерия Курачева — успеть везде

Молодёжь Общество

Жыццёвы прынцып: паспець усюды

Валерый Курачоў 14 год працуе на Обальскім керамічным заводзе, зараз узначальвае службу аховы прадпрыемства.

У службы аховы          работа адказная, пільнасць і ўвага – найважнейшыя якасці. Праз прахадную праязджае вялікая колькасць аўтамабіляў, і кожны трэба праверыць, зверыць тавар з накладной. Ды і пра правапарадак на тэрыторыі завода не трэба забыцца. «Сумаваць на змене няма калі», – усміхаецца Валерый.

У дадатак, Валерый Курачоў – камандзір добраахвотнай дружыны па ахове правапарадку. Па вечарах дружыннікі  кантралююць парадак у Обалі. «Падчас дзяжурстваў бывае ўсякае, – расказвае Валерый. –  У першую чаргу сочым, каб не распівалі спіртное ў грамадскіх месцах. Падчас аднаго з дзяжурстваў дапамаглі міліцыянерам затрымаць мужчыну, які знаходзіўся ў вышуку. Калі ў нашым мястэчку праходзяць масавыя мерапрыемствы, то абавязкова мы дапамагаем міліцыі. Абальчане ўжо даўно прызвычаіліся, што  мясцовыя дружыннікі на варце парадку ў гарадскім пасёлку».

Разам з сябрамі Валерый Курачоў займаецца спортам. Як сам прызнаецца, любоў да спорту ў яго са школы, займаўся ў Пятра Ганушчанкі грэка-рымскай барацьбой і баскетболам, а ў старшых класах дадаўся яшчэ футбол.

Праўда, будучы школьнікам, вялікіх поспехаў не дасягнуў, але любоў да актыўнага ладу жыцця захавалася на ўсё жыццё. Футбол, баскетбол, а гады тры назад дадаўся і валейбол. «Валейбольных спаборніцтваў у Шуміліне даволі многа, – дзеліцца Валерый. – Хочацца паўдзельнічаць. Памятаю, як прыехалі першы раз: прайгралі ўсім. Раззлавала гэта моцна. Доўга толькі ў валейбол трэніраваліся. Зараз у прызавую тройку яшчэ не трапляем, але бой даём любой камандзе». За апошнія 14 год не было спартыўных ці турысцкіх стартаў у раёне, дзе б не ўдзельнічала каманда Обальскага керамічнага завода. І абавязкова ў камандзе – Валерый Курачоў.  Дарэчы, з лютага Валерыя Курачова прызначылі адказным за спартыўна-масавую работу.

А яшчэ Валерый Курачоў – паляўнічы і рыбалоў.

– Жыццё – гэта рух, – адзначае Валерый. –  Ніхто і ніколі не зробіць  тваё жыццё цікавым і карысным. Усё залежыць ад цябе і твайго жадання.

Алесь САКАЛОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *