Спортивный праздник для школьников

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

“Беларусь – спартыўная краіна” –пад такой назвай у пачатку снежня па ўсёй Беларусі прайшла рэспубліканская спартыўная акцыя, ініцыятарамі якой выступілі Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкі спартыўны клуб і грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. 2 снежня акцыя прайшла на Віцебшчыне, у тым ліку і ў нашым раёне.
Вучняў з СШ №1, СШ № 2, Обальскай і Мікіціхінскай школ на старт выклікала спартландыя. На ўрачыстым адкрыцці фэсту начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С. У. Каржуеў адзначыў, што Беларусь заўсёды вызначалася сваімі спартыўнымі перамогамі, ён пажадаў удзельнікам свята прыгожай барацьбы і яркіх перамог.
І вось – першы конкурс спартландыі. Эстафета. Відовішчна, бескампрамісна – кожная каманда імкнецца толькі да перамогі. Багата сабралася балельшчыкаў у той дзень у ДЮСШ. Самая вялікая група падтрымкі – ў спартсменаў з СШ № 1, за обальскую каманду перажываюць дзяўчаты са школьнай групы чартлідзінгу. Але найлепш падрыхтавалася група падтрымкі з Мікіцінскай школы: і сцяжкі з плакатамі падрыхтавалі, і слоганы прыдумалі, а ўзначальвала каманду балельшчыкаў сама дырэктар школы В. М. Асташонак.
Другі, трэці старт. Вызначыліся лідары – Мікіціха і СШ № 1. Кожны новы конкурс – мора эмоцый і адрэналіну. Да апошняга этапа не было зразумела, чыя каманда на сённяшні дзень лепшая. І вось фінал: радасць, усмешкі ў спартсменаў СШ № 1, усе віншуюць капітана каманды Стаса Прасветава. Каманда з Мікіціхі на другім месцы, гэта яны ўспрымаюць толькі як паражэнне…
Усе каманды, што прынялі ўдзел у спартландыі, атрымалі каштоўныя падарункі ад аддзела па справах моладзі райвыканкама і аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.
І яшчэ. Акцыя ўдалася, пра гэта сведчаць выказванні як юных спартсменаў, так і настаўнікаў фізкультуры: “Цікава. Карысна. Ды і агульны ўзровень фізічнай падрыхтоўкі адразу бачны…”
Алесь СЛАВІН.
Надрукавана ў №95 ад 7.12.2010 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *