“Ваду можна “злавіць” толькі ноччу…”

Общество

“Ваду можна “злавіць” толькі ноччу…”
Тым, што ваду людзям даводзіцца часта “лавіць” па начах, нікога ўжо не здзівіш. “Хвароба” гэтая для камунальнікаў застарэлая, асабліва калі гаворка вядзецца пра пяты ці чацвёрты паверхі жылых дамоў.  А тут жа, па вуліцы Полацкай у Шуміліне, прыватны сектар. Тым не менш і ў гэтым мікрараёне даводзіцца ваду “лавіць”. Пра гэта абурана расказвала падчас разгляду скаргі ў рэдакцыю З. М. Германава, якая таксама жыве па вуліцы Полацкай. “Каб памыць бялізну, устаю ў другой гадзіне ночы,  – расказвае жанчына. – Тады ж і набіраем ваду пра запас…”. “А мне што рабіць? – абураецца яе суседка Л. І. Літоўка. – Мне на працу днём, так што ноччу хочацца адпачыць. А тут госці, тут унукі прыязджаюць, а вады няма…”.
Гісторыя з перабоямі ў падачы вады па вуліцы Полацкай даўняя. У мяне на руках не толькі калектыўная скарга жыльцоў, а немалы прыдатак: копіі адказаў на скаргі. У адказах з УП ЖКГ і райвыканкама абнадзеена паведамляецца, што “забеспячэнне вадой па вуліцы Полацкай адноўлена”, што “цеча ў калодзежы ліквідавана, падача вады адноўлена”, што “УП ЖКГ выканала работы па замене помпы, водазабеспячэнне адноўлена” і прабачальныя словы за дастаўленыя нязручнасці. У апошнім адказе, датаваным 27 лютага 2012 года і адрасаваным А. М. Ярыга,  дадаецца: “Ваш зварот знаходзіцца на кантролі да поўнага вырашэння”.
Мінула два з паловай гады. Што змянілася? Практычна нічога, за выключэннем хіба таго факта, што сёлета нас напаткала спякотнае лета. Без малога месяц стаяла суш, а трэба было паліваць агароды, інакш не атрымаеш ураджаяў, і людзі праўдамі і няпраўдамі падключаліся да сістэмы. Забор вады быў велізарны. Адсюль, хутчэй за ўсё, і праблема перабояў па вуліцы Полацкай. Хаця гэта прычына не адзіная і, напэўна, не самая важная. “Мы засілкаваны ад свідравіны “Вежы”, – даводзяць жыльцы вуліцы. – А там зараз самы сезон, прымаюць і мыюць яблыкі, мыюць бутэлькі. Расход вады вялікі…” І прапануюць “пасадзіць” прадпрыемства на асобную свідравіну або прабурыць  толькі для іх. Тым больш, што на свідравіне “Вежы” падключана адна помпа, другая ў рэзерве. Няхай падключаць другую, а яшчэ адну купяць, каб была рэзервовай.
Аднак гэты варыянт аказаўся памылковым: з падключэннем другой помпы вады больш у кранах  дамоў  па вуліцы Полацкай не стала. Значыць, выйсце адно – замена водаправода з дыяметрам трубы 50 ці 63 мм на трубу стомілімятровую. Але для гэтага трэба перакласці, па словах дырэктара УП ЖКГ І. К. Штуро,  1,5 км водаправода, а ў дадатак урэзкі, так што “пацягне” ён на ўсе 2 км. Каб рашыць тут праблему, патрэбна каля 4 мільярдаў рублёў.
Рэзюме такое: праблема з вадой у Шуміліне ўстала ўжо на поўны рост. Трэба пачынаць замену водаправода, і пачынаць, напэўна, давядзецца з раёна вуліцы Полацкай і  вуліц, якія да яе прылягаюць, дзе ў апошнія гады  значна пабагацелі на наваселлі.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №62 ад 15.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *