«Горячий телефон» редакции

Общество

Па тэме, якая дрэнна пахне
На мінулым тыдні ў рэдакцыю газеты патэлефанавалі жыхары дома №8, што па вуліцы Зяньковай у Обалі. “Дапамажыце, затаплівае каналізацыя! А да камунгасу не можам дастукацца”, – абураліся людзі.
Мы накіраваліся ў Обаль. Высветлілася, што паламалася каналізацыйна-помпавая станцыя ў доме, і ўсе нечыстоты хлынулі да дому.
Карціна, што пабачылі, сапраўды, непрыдатная. Да пад’ездаў не падысці, усё заліта, з каналізацыйнага люка цякуць нечыстоты. Мароз стараўся дапамагчы, трохі скаваў, але да пад’езда не падысці. Жыхары дома прызвычаіліся, калі так можна сказаць, па-экстрымальнаму дабірацца да сваіх кватэр: спачатку – на лавачку, затым – на цэглу, потым – па дошцы і ў пад’езд.  Там зноў па дошках – да лесвіцы. Пры гэтым, не дыхаючы, бо смярдзіць.
У адзін час з намі да дому пад’ехала і камунгасаўская машына з бочкай, каб адкачаць ваду. Праўда, за працу не ўзяліся, бо ніяк не маглі знайсці работніка. (Да слова, у Обальскім падраздзяленні ЖКГ працуе 50 чалавек).
Больш за ўсё жыхароў гаротнага дома абурыла, што яны пятыя суткі не могуць дабіцца дапамогі ад камунгасу.
“Мы тэлефанавалі ў дыспетчарскую, там, калі даведваюцца адкуль звонім, то трубку кладуць, то абяцанкамі кормяць”, – наперабой скардзіліся людзі. Яны тут жа правялі “эксперымент”: пазванілі ў дыспетчарскую. “Машыну ўжо выслалі. Усё зробяць тады, як толькі знойдуць работніка”, – пачулі ў трубцы. Але за тыя хвілін сорак, што размаўлялі з жыхарамі дома, у ЖКГ так і не знайшлі работніка. Яго знайшлі пазней, адкачалі нечыстоты, памянялі і помпу, каналізацыйна-помпавая станцыя пачала працаваць.
“Галоўнае, дацягнуць да серады, – тлумачыць галоўны інжынер УП ЖКГ А. М. Догель, – мы знайшлі помпу, але не новую, прыкладваем усе намаганні, каб помпавая станцыя працавала. А ў сераду прывязём новую помпу, і тады сітуацыю поўнасцю разрулім”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №95 ад 7.12.2010 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *