У міжнародным конкурсе “Музычны вернісаж” шумілінскія музыканты атрымалі чатыры ўзнагароды

Край шумілінскі Культура Молодёжь

Скорынавым скарыўся музычны алімп
Не стамляюцца радаваць землякоў сваімі поспехамі шумілінскія цымбалісты. Выхаванцы Алены Скорынавай на гэты раз вызначыліся ў міжнародным конкурсе “Музычны вернісаж”.
Конкурс для нашых музыкантаў выдаўся па-сапраўднаму зорным: адразу чатыры перамогі і чатыры дыпломы.
У намінацыі “Народныя інструменты (цымбалы)” званне лаўрэата II ступені і дыплом атрымала Ксенія Храмцова, званне лаўрэата I ступені ў Лізаветы Дземінёвай. Абедзвюх дзяўчынак рыхтавала да конкурсу іх выкладчык Алена Скорынава, а таксама канцэртмайстар Ганна Красоўская.
А перамогу і гран-пры ў гэтай жа намінацыі атрымала Вольга Скорынава – выпускніца Шумілінскай школы мастацтваў,  якая зараз працягвае адукацыю ў Віцебскім музычным каледжы імя Салярцінскага. Зараз у Олі другія настаўнікі, а першым і галоўным была (ды і застаецца) яе мама – Алена Ігараўна.
У намінацыі “Інструментальныя ансамблі” званне лаўрэата II ступені заваяваў сямейны ансамбль Скорынавых “Чароўныя музыкі”. Мастацкі кіраўнік ансамбля Алена Скорынава разам са старэйшай дачкой Вольгай ігралі на цымбалах, канцэртмайстар Віктар Скорынаў з сынам Васілём – на баянах, а самая маленькая ўдзельніца сямейнага ансамбля Маша дадала “Чароўным музыкам” каларыту з дапамогай ударных інструментаў. Атрымалася цудоўна, і Скорынавым скарыўся музычны алімп. З чым мы іх і ўсіх пераможцаў шчыра віншуем!
Адзначым, што конкурс “Музычны вернісаж” праводзіць асацыяцыя педагогаў-музыкантаў горада Магнітагорска і Чалябінскай вобласці пад дэвізам “Адораныя дзеці – наша будучае”. Як шумілінцы трапілі туды? Дапамог інтэрнэт, бо конкурс праводзіцца па відэзапісах. Але гэтая акалічнасць ніколькі не змяншае заслугу нашых музыкантаў, наадварот, быць лепшымі сярод дзвюх тысяч удзельнікаў – гэта поспех. І салідны падарунак Шумілінскай школе мастацтваў да адкрыцця яе новага будынка.
Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *