У Шумілінскім раёне працаваў Міністр культуры Барыс Святлоў

Актуалии Культура Официально

Сустрэчы ў фармаце дыялогаў
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Б. У. Святлоў у нашым раёне ўпершыню. У першы раз ён наогул на Віцебшчыне – у гэтым ён прызнаўся, даючы інтэрв’ю абласному тэлебачанню. Быў некалі ў Бешанковіцкім раёне. але гэта было ў пару ягонага студэнцтва.
Як расказаў Барыс Уладзіміравіч, Шуміліншчына зрабіла на яго прыемнае ўражанне. І людзі тут творчыя. Гэта вытрымка зноў-такі з інтэрв’ю, у якім пераважна пра творчыя здабыткі і накірункі ў дзейнасці культуры Б. У. Святлоў і гаварыў.
Але спачатку быў прыём, які праводзіўся ў будынку Дома Саветаў. Першай дзверы малой залы расчыніла Л. М. Нагібава – старшыня раённага аб’яднання інвалідаў. Барыс Уладзіміравіч, ведаючы, пра што пойдзе гаворка (яму паклалі на стол пытанні, з якімі звярталіся людзі), прапанаваў весці яе ў форме дыялогу. Л. М. Нагібава расказала пра тое, што хвалюе таварыства, выказала ўдзячнасць за падтрымку раённым уладам і аддзелу культуры ў прыватнасці. Міністра культуры цікавіла і мастацкая самадзейнасць у асяроддзі таварыства,  і адносіны да творчасці наогул. “Многае ў культуры трымаецца на энтузіязме, – гаворыць Б. У. Святлоў. – І гэта важна…”.
Выкладчыца школы мастацтваў А. І. Скорынава таксама расказвала пра поспехі, паказала Міністру граматы і дыпломы, якімі ўзнагароджана яе сям’я па выніках розных конкурсаў. А пасля гаворка перавялася на адсутнасць грошай на набыццё цымбалаў для школы мастацтваў. “Спачатку паслухаем вас у школе мастацтваў, там і пагаворым больш дэталёва”, – сказаў міністр.
Старшыня савета ветэранаў раёна К. Ф. Палоўнікава з культурай ”звязана” даўно і надоўга. Хто не ведае яе зычнага і прыгожага голасу як вакалісткі! Кацярына Фамінічна перавяла гаворку на гімн ветэранаў, які просіцца даўно. Яна нават прачытала высокаму госцю свой тэкст гімна, але папрасіла паспрыяць, каб быў аб’яўлены конкурс. А яшчэ добра было б, каб на “Славянскім базары ў Віцебску” быў Дзень ветэрана, бо шмат творчых напрацовак у іх, ёсць што паказаць замежным гасцям. Міністр культуры паабяцаў прапрацаваць узнятыя тэмы, тым больш, што наступны год чакаецца юбілейным з нагоды Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Вернемся да інтэрв’ю, якое даў Б. У. Святлоў тэлебачанню. Размова вялася, скажам адразу, на беларускай мове (што радуе і абнадзейвае), і гаварыў Барыс Уладзіміравіч па кадравай аптымізацыі  ў сферы культуры, нагадаў, што гэта не абавязкова скарачэнне, што важней усё ж дамагчыся эфектыўнасці ў кіраўніцтве галіной. Засяродзіў  высокі госць увагу на лёсе клубных устаноў, бібліятэк і кнігі – як крыніцы інфармавання і  выхавання чалавека.
Асаблівую ўвагу надалі ў размове лёсу школ мастацтваў. “Не абавязкова дамагацца ад выпускнікоў працягу прафесійнай адукацыі, – такая думка ў Міністра культуры. – Галоўнае, каб чалавек захаваў творчы падыход. Няхай ён будзе вучоным, але тое, чым узбагацілі яго ў школе мастацтваў на ўзроўні пачуцця прыгожага,  павінна застацца з гэтым чалавекам і дапамагаць яму ў рабоце”.
Далей па графіку  Б. У. Святлоў паехаў у Амбросавічы, каб азнаёміцца з умовамі адпачынку ў дзіцячым лагеры “Дружба”, затым, па прыездзе ў Шуміліна, ён наведаў асучаснены, гожы будынак школы мастацтваў, які да пачатку навучальнага года будзе ўрачыста здавацца, як кажуць, пад ключ.
У фае школы мастацтваў падчас тлумачэнняў, якія даваў начальнік аддзела культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук, Міністр  ці то жартам, ці то ўсур’ёз сказаў: «Ну, кансерваторыя ў Мінску вам прайграе». Барыс Уладзіміравіч меў на ўвазе, вядома, стан школы пасля рэканструкцыі, а не шыкоўнасць саміх апартаментаў. Хаця і па апартаментах у нашай школе таксама ацэнка была выдатнай.
Пасля праслухоўвання, як і абяцаў, сям’і Скорынавых Б. У. Святлоў паедзе з рабочым візітам у Мікіціху і мястэчка Обаль.
Высокага госця суправаджалі старшыня райвыканкама У. П. Куранны і яго намеснік А. М. Зайцаў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №64 ад 22.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *