ЗДАРЭННІ. КРЫМІНАЛ

Бяспека Происшествия

ЗДАРЭННІ. КРЫМІНАЛ
Знайшоўся
Раённая газета пісала, што ў СФГ “Раднік” прапаў пастух.  Аднак неўзабаве ён сам прыйшоў дадому. Дзе быў увесь гэты час, не расказаў, затое адразу звярнуўся ў міліцыю. Напісаў заяву на мясцовага жыхара, які пагражаў яму забойствам. З гэтай справай разбіраюцца спецыялісты аддзела Следчага камітэта.
Лодка
Жыхарка Шуміліна звярнулася ў РАУС з той нагоды, што ў яе дачным доме ў Крупчыне пабывалі злодзеі. Яны пашкодзілі дзвярны прабой і праніклі ў пакой, адкуль укралі гумавую лодку, вёслы да яе і помпу. Агульны ўрон склаў 600 тысяч рублёў. Па гарачых слядах злачынца быў знойдзены. Паквапіўся на чужое дабро ўраджэнец в. Грышаны. Злодзей затрыманы, нарабаванае вернута гаспадарам.
Пажар ад свечкі
У адной з кватэр шматпавярховага дома ў Обалі адбыўся пажар.  Гаспадары доўгі час не плацілі за камунальныя паслугі, у кватэры была адключана электрычнасць. Таму 23-гадовы сын гаспадыні запаліў ноччу свечку і па нейкай патрэбе выйшаў на вуліцу. Ад свечкі загарэлася пасцельная бялізна, тумбачка і ложак.
У райаддзел па надзвычайных сітуацыях патэлефанавалі суседзі. Агонь не паспеў перакінуцца ў суседнія пакоі. А паколькі балконныя дзверы былі адчынены, дым выйшаў на вуліцу, а не на лесвічную пляцоўку. Агонь утаймавалі. Людзі не пацярпелі. Картка
Пенсіянерка з Дабеі паведаміла ў міліцыю, што ў яе прапала банкаўская картка. Праз некаторы час высветлілася, што картка знаходзіцца ў чужых руках і ёй паспелі пакарыстацца: нехта разлічваўся ёй у шумілінскіх магазінах ”ТамараГандаль” і “Прыдзвінне”. Пакуль яшчэ невядомы злачынца набраў тавару на суму адзін мільён рублёў.
Грошы
Пацярпеў пенсіянер з вёскі Куціна – з яго дома прапала 780 тысяч рублёў. У ходзе расследавання было высветлена, што грошы прыбраў да рук мясцовы жыхар. Узбуджана крымінальная справа.
Са зводак ДАІ
Нецвярозы
Жыхара Шуміліна, які імчаў па аўтадарозе Віцебск-Полацк  на аўтамабілі “Опель”, спынілі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі. Як высветлілася, вадзіцель быў нецвярозы. Алкатэстар паказаў 1,3 праміле. Мужчыну пагражае штраф ад 50 да 100 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Катафоты і флікеры
У гэтым годзе  на 144 веласіпедыстаў і пешаходаў за адсутнасць катафотаў (спераду белага колеру, ззаду – чырвонага)  і флікераў  на адзенні ў цёмны час сутак складзены адміністрацыйныя пратаколы. Як правіла, такіх пратаколаў у канцы жніўня-пачатку верасня становіцца больш. Таму супрацоўнікі ДАІ нагадваюць: за адсутнасць катафотаў ці флікераў пагражае штраф ад 1 да 3 базавых велічынь. Калі пры гэтым парушальнік знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, то штраф большы: ад 3 да 5 БВ. Акрамя гэтага, даішнікі звяртаюць увагу веласіпедыстаў на неабходнасць насіць святловяртальныя камізэлькі. Але гэта неабходнасць пакуль што носіць рэкамендаваны характар.
Па матэрыялах РАУС і РАНС падрыхтавала
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №65 ад 26.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *