В школах Шумилинского района прозвенел первый звонок

Актуалии Образование

Прывітанне, школа!
Урачыстая лінейка з нагоды Дня ведаў у Кардонскай дзіцячы сад-сярэдняй школе пачалася з пераклічкі – ці ўсе класы з’явіліся пасля канікулаў, ці ўсе вучні гатовы да новага навучальнага года. Пад урачысты марш праходзяць свой апошні круг пашаны 12 выпускнікоў – для іх гэта апошні год у школе. Новае папаўненне сёлета ў Кардонскай школы сціплае – толькі тры першакласнікі занялі сваё месца ў пачатку вучнёўскага строю. А ўсяго школа прыме сёлета 77 вучняў, ды яшчэ 6 выхаванцаў дзіцячага садка.
Цёплыя словы для вучняў і бацькоў, для педагогаў знайшла ў сваім выступленні дырэктар школы Т. А. Салаўёва, якая таксама прадставіла новых настаўнікаў, якія будуць працаваць у школе.
Словы пажаданняў і віншаванняў гучалі ў прамовах гасцей і бацькоў.  Гарачымі апладысментамі сустрэлі кіраўніка КУСГП “Ульскі” В. В. Лабейку. Валян-ціна Васільёўна не толькі павіншавала прысутных са святам, але і падзякавала і ўручыла прэміі вучням і работ-нікам школы, якія працавалі ў гаспадарцы ў летні час. А дырэктар школы атрымала ад кіраўніка шэфскай гаспадаркі яшчэ і грошы на мотакасу, якая патрэбна для догляду вялікай прышкольнай тэрыторыі.
Першы дзень у школе вельмі спадабаўся першаклашкам, якія атрымалі падарунак Прэзідэнта краіны – кнігу “Мая Радзіма – Беларусь”, падарункі ад адзінаццацікласнікаў і ад КУСГП “Ульскі”. А потым былі кветкі для настаўнікаў і першы званок, які паклікаў усіх вучняў у класы.
*   *   *
Сёлета ў Мікіціхінскай СШ будуць вучыцца 93 вучні, у першым класе – 13, у адзінаццатым – сем. Пра гэта на ўрачыстай лінейцы сказала дырэктар Мікіціхінскай СШ В. М. Асташонак. Вольга Мікалаеўна павіншавала настаўнікаў, вучняў, бацькоў са святам  – Днём ведаў. Да віншаванняў далучыліся і госці, што прысутнічалі на лінейцы, – начальнік РАУС В. В. Мядзведскі, дырэктар ААТ “Лаўжанскае” А. А. Кавальчык, метадыст раённага Цэнтра дзяцей і моладзі В. У. Бадзешчанкава.
Безумоўна, галоўнымі героямі на лінейцы сталі першакласнікі. Яны ў свой першы вучэбны дзень абяцалі добра вучыцца і не спазняцца на ўрокі, сябраваць і не сварыцца. А бацькі першакласнікаў паабяцалі дапамагаць  ды не сварыцца на сваіх дзетак. Збоку гэта выглядала вельмі пяшчотна. Выпускнікі школы ўручылі першакласнікам падарункі.
І вось ён – першы званок ад адзінаццацікласніцы Дар’і Лісавай і першакласніка Андрэя Лазукова. Ён паклікаў вучняў Мікіціхінскай СШ на першы ўрок у гэтым навучальным годзе, які, дарэчы, прайшоў пад агульнай тэматычнай назвай “Дзякуй салдатам вайны за тое, што ў нас няма вайны”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ. Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 67 ад 02.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *