Известный английский архитектор проектировал замок в деревне Лесковичи Шумилинского района

Актуалии Край шумілінскі

Па матывах англійскіх замкаў
На Шуміліншчыне ў свой час былі ўладанні такіх вядомых сем’яў, “вяршкоў” ліцвінскай, польскай, расійскай арыстакратыі, як Сапегі і Храптовічы, Грабніцкія і Хлюдзінскія (Хлудзінскія), Баграціёны і Розаны.
Лескавічы – адзін з самых маляўнічых куткоў Шумілінскага раёна: вялікае возера са стромкімі берагамі, якія здаюцца яшчэ больш высокімі з-за магутных сосен, што цягнуцца да неба, цудоўныя лясы, высокія пагоркі. На ўскрайку вёскі, у старым запушчаным парку ўзвышаюцца руіны вежаў і муроў старога замка. Лескавіцкі замак мог стаць помнікам архітэктуры сусветнага значэння, бо да яго стварэння прыклаў руку адзін з самых значных англійскіх архітэктараў.
У XIX стагоддзі Лескавічы належалі Хлюдзінскім. Вёска не была галоўным уладаннем сям’і, таму для пражывання гаспадароў падчас наездаў у маёнтак тут быў адносна невялікі, тыповы памешчыцкі дом. Але ў другой палове XIX стагоддзя сям’я перабіраецца ў Лескавічы. У пачатку ХХ стагоддзя апошні ўладальнік маёнтка Уладзіслаў Хлюдзінскі вырашае пабудаваць у Лескавічах на месцы старога дома вялікі палац. Жонка Уладзіслава Эма Паўлучы паходзіла з англійскай арыстакратычнай сям’і, верагодна, гэта і паўплывала на выбар архітэктара.
Як высветліла польская даследчыца Эдзіта Баруцка, у 1912 годзе заказ адпраўляецца ў далёкую Англію да моднага і вельмі папулярнага архітэктара Макея Х’ю Бэйлі-Скота. М. Х. Бэйлі-Скот – адзін з заснавальнікаў стылю мадэрн у англійскай архітэктуры. Адным з ягоных прынцыпаў з’яўляецца тое, што ён праектуе не толькі будынак, але і ўсе інтэр’еры, мэблю, навакольны ландшафт як суцэльны, адзіны твор.
Першы праект, прапанаваны архітэктарам, прадугледжваў узвядзенне палаца ў стылі венскага “сецэсіёну”: на высокім беразе стаіць беласнежная віла з чатырма вежамі і магутным купалам. На вежах – крылатыя постаці анёлаў ці геніяў. У цэнтры палаца пад купалам архітэктар змяшчае вялікі крыты двор з зімовым садам, вакол якога размешчаны жылыя памяшканні. З боку возера прыбудаваны тэрасы. З тэрас і вокнаў палаца адкрываюцца цудоўныя краявіды на возера і наваколле.
Былі прапанаваны і інтэр’еры палаца. На малюнках Бэйлі-Скота бачым пакоі ў мяккіх колерах, упрыгожаныя яркімі фрызамі, на вокнах каляровыя вітражы, цікавых формаў мэбля, таксама аздобленая яркімі малюнкамі кветак і раслін. Архітэктар быў яшчэ і вядомым дызайнерам.
Але заказчык праект не прыняў. Можна меркаваць, што ён не адпавядаў задуме Хлюдзінскіх, якія хацелі мець “старажытны” замак. Архітэктар прапанаваў новы варыянт. Кампазіцыя ў цэлым захавалася: цэнтральны двор, вуглавыя вежы злучаны карпусамі, у якіх размешчаны парадныя, жылыя і службовыя пакоі. Істотна змяніўся стыль будынка. Высокія чарапічныя дахі, замест прасторных тэрас – вузкі балкон з крутой лесвіцай і падпорная сцяна з буйных валуноў, сцены са знешнім аздабленнем з камянёў, упрыгожаны ромбападобным узорам з цэглы. Цэглай выкладзены і вуглы будынка. Там-сям у сценах – невялікія вокны. Цяпер перад намі рамантычны “сярэдневяковы” англійскі ці шатландскі замак.
У такім жа стылі – калі цагляныя муры аздабляюцца звонку мясцовым каменнем, якога шчодра на палетках пакінуў нам ледавік – пабудаваны і ўязная брама ў пачатку алеі, што вядзе да замка (“Дом брамніка”), і гаспадарчыя пабудовы фальварка.
Будаўніцтва замка на месцы старога дома пачалося даволі актыўна, але грымнула Першая сусветная вайна, затым рэвалюцыі. Гаспадары падаліся ў эміграцыю. Захавалася сведчанне, што замак так і не быў дабудаваны. Пасля Брэсцкага міру большую тэрыторыю Беларусі захапілі германскія войскі, мяжа паміж акупіраванай тэрыторыяй і тэрыторыяй, якую кантралявалі Саветы, праходзіла якраз праз наш раён. На сайце www.шумилинщина.рф змешчаны фрагмент дзённіка германскага афіцэра, які ў 1918 годзе піcаў: “… У Лескавічах барскага дома не было. Мы спыніліся ў школе. Замест дома мы ўбачылі недабудаваны развалены замак, які быў запраектаваны ў стылі рэйнскіх замкаў. Мур з цэглы зарос травой. Там і сям выраслі маладыя бярозкі. Вялізны зал не меў даху. Вялікія дзверы, якія бываюць у цэрквах, невялікі хол. На адной са сцен ніша з дымаходам, па баках два вялікіх акна… У тоўшчы мура змешчана вузкая лесвіца… Вузкае высокае акно з гатычнай аркай. З акна паверх вяршынь сосен бачна возера… ”.
Час і надвор’е зрабілі сваю справу. Зараз ад будынка засталіся толькі руіны – фрагменты трох вежаў на высокім беразе Лескавіцкага возера. Але на мурах бачны тыя самыя цагляныя ромбы, што і на малюнку архітэктара, бачны і моцныя валуны ў падмурку і падпорнай сцяне. Гэта ўсё, што захавалася ад велічнага твора славутага англійскага архітэктара…
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №70 ад 12.09.2014 г.



1 комментарий по теме “Известный английский архитектор проектировал замок в деревне Лесковичи Шумилинского района

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *