Казьяны – прастора для турызму і фермерства
Звычайна ў верасні на Казьяншчыну накіроўваецца нямала прыватных аўтамабіляў, едуць сюды людзі і на рэйсавых аўтобусах. Гэты край багатых лясоў, дзе многа грыбоў і ягад.
Да вёскі Казьяны, якая знаходзяцца на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета, з Шуміліна 36 кіламетраў, амаль як да Віцебска. Але гэта не пужае мясцовых дачнікаў. Да Сураўнёў асфальтаваная дарога, далей – гравійная. Перад Сураўнямі быў нядаўна праведзены бягучы рамонт дарогі.
Усіх дачнікаў Казьян можна раздзяліць на дзве катэгорыі: першая – ураджэнцы вёскі, якім дамы засталіся ў спадчыну або яны пабудаваліся непадалёк ад былой бацькавай сядзібы; другая – купілі дачны дом, бо вёска ім знаёмая – былі тут праездамі ці ў гасцях. Большасць казьянскіх дачнікаў – з абласнога цэнтра, але ёсць з Шуміліна і Наваполацка, з Мінска і Мозыра. У вёсцы – тры вуліцы. Самая вялікая – Цэнтральная, яшчэ ёсць Зялёная і Лясная. Назвы не патрабуюць тлумачэння.
«Месца, куды немагчыма не вярнуцца»
Старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Галіна Зязюлька параіла абавязкова наведаць сядзібу Паўла Мартыненкі – энтузіяста, улюбёнага ў родны край. Ён пенсіянер МУС, падпалкоўнік у адстаўцы у свой час быў намеснікам начальніка ўпраўлення ДАІ Віцебскай вобласці. Зараз жыве на сваёй малой радзіме ў Казьянах. Пяць гадоў таму непадалёк ад месца, дзе была бацькоўская сядзіба, пабудавалі з жонкай Аленай дом, прыгожую лазню з міні-басейнам, альтанку, пасадзілі кветкі, зрабілі мангальную зону. «Гэта месца, куды немагчыма не вярнуцца, – кажа пра Казьяны Павел Уладзіміравіч. – Я ўлюбёны ў гэтыя мясціны, у шчырых людзей, якія жывуць у вёсцы. Тут прыгожыя балоты, у якіх сёлета мора журавін. Тут лёгка дыхаецца. Вакол вельмі многа азёр: Мошна, Данец, Жыжнёва, Расалай, Красамай. Да апошняга можна дабрацца толькі па вузкай сцяжынцы па балоце».
Побач з домам Мартыненкаў працякае рака Обаль. Яна паўнаводная, разліваецца на паўсотню метраў вясной, ледзь не да самага дома. Гаспадары сочаць за парадкам вакол і на рацэ. Байдарачнікі, якія спускаюцца па рацэ ад Езярышча да Обалі, нярэдка прыпыняюцца ў Казьянах. Прыпынак называюць Бронькіным хутарам. Па імені былога жыхара гэтай мясцовасці Браніслава Ізотава, шчырага і працавітага чалавека. Песні пад гітару, касцёр – рамантыка.
Усё гэта даспадобы і Мартыненкам. Таму Павел і Алена вырашылі заняцца аграэкатурызмам і пачалі рыхтавацца: пабудавалі гасцявы домік, лазню на беразе рэчкі, афармляюць дакументы. Мараць ўладкаваць і палатачны гарадок сярод соснаў, якія растуць побач з домам. Адкрыццё запланавалі на вясну наступнага года, карэспандэнт раёнкі запрашэнне ўжо атрымаў.
Людзі ў вёсцы дружныя
Валянціна Кулік з Віцебска купіла з дзецьмі дачны дом у Казьянах год таму, вёска ёй знаёмая, бо калісьці сюды прыязджала да сваякоў. Лідзія Вараб’ёва з абласнога цэнтра прыязджае ў бацькоўскі дом. «Наша вёска самая экалагічна чыстая, – кажа Лідзія Рыгораўна. – Прыязджаюць сюды і мае родныя сёстры Аліна з Таццянай. Землі ў нас урадлівыя – вырошчваем розную гародніну. Казьянская зямля і легендарная – у лясах падчас Вялікай Айчынай вайны дзейнічалі партызанскія атрады. У партызанах была большая частка жыхароў, у тым ліку і мой бацька Рыгор Васільевіч Якімаў».
У Казьянах людзі дружныя, шануюць памерлых і загінуўшых, расказала старэйшына Жанна Лузгіна: талакой прыбіраюць могілкі, а на 9 Мая ў гэтым годзе самі арганізавалі грандыёзнае свята. Купілі вянкі, усклалі іх да воінскіх пахаванняў, а потым арганізавалі застолле з песнямі і танцамі ваенных гадоў. Адзначыць 80-годдзе Вялікай Перамогі прыйшлі дарослыя і дзеці – каля сарака чалавек. Згадвалі ветэранаў вайны, вёску савецкіх часоў, у якой налічвалася больш за паўсотню дамоў і працавалі пошта, клуб, магазін, бальніца, дзве школы (пачатковая і васьмігодка), мясцовы калгас «Чырвоны май».
І бульба тут родзіць, і куры нясуцца
Вадзім Корсакаў, карані якога з суседняй вёскі Роўнае, купіў дом у Казьянах паўтара года таму. Крыху пазней – трактар Т-40 з касілкай, саджалкай, капалкай, культыватарам, акучнікам. Узяў зямлі 1,3 га і сёлета пасадзіў бульбу розных гатункаў. Капаць яе дапамагаюць жонка Крысціна і васьмігадовая дачка Мілана. Пачалі са “скарба”, на падыходзе – “вектар” і іншыя гатункі. Ураджай мяркуюць прадаць, гэтым самым грошай зарабіць.
Многа гадоў прыязджаюць у Казьяны Віталь і Ганна Буевічы. Дом Ганне застаўся ў спадчыну ад бабулі. Але тут шмат чаго новыя гаспадары перарабілі: дах, агароджу, плітку на двары, водаправод, каналізацыю, правялі электраацяпленне. Пабудавалі лазню. Зараз робяць франтоны, рамантуюць дом унутры. Працуюць дружна бацька Ганны, яе брат, дачка з зяцем і ўнукі Анжэла і Міхаіл. Дарэчы, у свае 15 год Міхаіл добра ўпраўляецца з мотаблокам і вельмі любіць парыцца ў лазні. А яшчэ Буевічы трымаюць курэй: у хлеўчуку ўладкаваны электраабагравальнік, паілкі, аўтаматычны ўключальнік святла – кажуць, што так двое сутак “дзеляцца” на трое, і куры лепш нясуцца.
На даху дома стаіць узмацняльнік інтэрнэту, таму сям’я не скардзіцца на яго перабоі, як астатнія дачнікі, якіх не задавальняе і сувязь – патэлефанаваць з мабільніка можна толькі з пэўнага месца.
Прадукты харчавання дачнікі ў асноўным прывозяць з горада, бо “аўталаўка беднаватая”. Альтэрнатыва ёй – паштовая машына, якая рэгулярна прыходзіць у вёску. Хваляць дачнікі работнікаў мясцовага ўчастка УП ЖКГ – расчышчаюць снег зімой рэгулярна, незалежна ад таго, прыехалі гараджане ці не.
З ГІСТОРЫІ
Казьяны
У XVI стагоддзі на поўнач ад вёскі Казьяны Віцебскага павета стаяў замак Казьян. Ад яго, напэўна, і пайшла назва вёскі. Замак быў пабудаваны ў 1563 годзе падчас Лівонскай вайны ў якасці абарончай крэпасці ў гады праўлення цара Івана Грознага. Замак быў драўляны, трохвугольны, з трыма вежамі, якія злучаліся абарончымі сценамі. Войскі Вялікага княства Літоўскага пад камандаваннем Францішка Жука ў 1579 годзе нечакана напалі на крэпасць, захапілі і разбурылі яе. Ад крэпасці захаваліся астанкі земляных валоў і рова на тэрыторыі археалагічнага помніка-замчышча ў Казьянах.
У 1880 годзе ў Казьянах была пабудавана драўляная царква імя Свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Храм быў разбураны.
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ
У вёсцы размешчаны 22 дачныя дамы, у пяці пражываюць пастаянныя жыхары.
Самы сталы дачнік размяняў дзявяты дзясятак, самаму маленькаму – 8 гадоў.
Да бліжэйшага возера Мошна – 7 кіламетраў.
У Казьяны прыязджаюць на дачы з Віцебска, Шуміліна, Наваполацка, Мазыра, Мінска.
У вёсцы налічваецца 13 калодзежаў, некаторыя дачнікі прабурылі на сваіх участках свідравіны, адтуль і бяруць ваду.
Двое гаспадароў будуюць дамы.
У Казьянах знаходзяцца два воінскія пахаванні, якія даглядаюць дачнікі і мясцовыя жыхары.
Двое дачнікаў трымаюць пасекі.
Апошнюю дачу купілі ў мінулым годзе.
У Казьянах ёсць 4 свабодныя ўчасткі для будаўніцтва.
Ларыса ЗАЙЦАВА














