На сессии Светлосельского сельского Совета

Общество Президент

Быць прыгарадам не заўсёды на карысць
На мінулым тыдні прайшла сесія Светласельскага сельскага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання. На сесію былі запрошаны старэйшыны вёсак, кіраўнікі і адказныя асобы арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі Савета. Удзел у рабоце прынялі начальнік Шумілінскага РАУС В. В. Мядзвецкі, намеснік дырэктара УП ЖКГ Воранаў У. П.
З асноўным пытаннем “Аб стане злачыннасці і мерах па забеспячэнні грамадскага парадку, ахове грамадскай маёмасці, абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян” выступіў старшыня Светласельскага сельскага Савета дэпутатаў В. В. Шчарбакоў.
Светласельскі сельсавет па плошчы займае трэцяе месца сярод сельскіх Саветаў раёна, а вось па шчыльнасці насельніцтва – другое. У склад савета ўваходзіць 19 населеных пунктаў, дзе пражывае амаль 2300 чалавек. Асаблівасцю яго з’яўляецца тое, што ён прыгарадны і размешчаны на ажыўленай трасе. Гэты факт, між іншым, не лепшым чынам адбіваецца на стане крымінагеннай абстаноўкі, упэўнены Віктар Вікенцьевіч. На эфектыўнасць прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў негатыўна ўплывае частая змена ці наогул адсутнасць на адміністрацыйным участку ўчастковага інспектара міліцыі.
Так, за 8 месяцаў на тэрыторыі сельсавета здзейснена 17 крымінальных  злачынстваў, іх колькасць застаецца на ўзроўні мінулага года. У той жа час назіраецца павелічэнне колькасці крадзяжоў (+6). Нізкай застаецца раскрывальнасць (з 16 раскрыта 9). З пачатку года на пасяджэнні грамадскага пункта аховы правапарадку разгледжаны 63 асобы. На тэрыторыі савета 53 чалавекі вядуць асацыяльны лад жыцця, 61 чалавек стаіць на ўліку ва ўрача-нарколага. Яшчэ больш сумна, што з іх кожны трэці – жанчына. “Наогул на прафілактычным уліку на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 168 чалавек, – падсумаваў Віктар Вікенцьевіч. –  Пражывае ў нас 16 абавязаных асоб, з іх трое асуджаны.”
Што рабіць? – ставіць пытанне старшыня. Найперш прафілактыкай павінны займацца не толькі сельсавет, а і грамадскія фарміраванні, працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, дзе працуюць парушальнікі парадку і дысцыпліны. Неабходна шукаць нетрадыцыйныя формы работы з п’яніцамі, несунамі, прагульшчыкамі. “Увайшло ў практыку правядзенне выязных пасяджэнняў суда пры пазбаўленні бацькоўскіх правоў, – канстатуе Віктар Вікенцьевіч. – Аднак не практыкуюцца падобныя пасяджэнні ў працоўных калектывах па раглядзе крымінальных спраў пры здзяйсненні крадзяжоў, хуліганстваў, іншых злачынстваў. Шкада, што сёння адсутнічае закон аб прымусовым працаўладкаванні”.
Прывёў В. В. Шчарбакоў і станоўчыя прыклады ў праводзімай прафілактычнай рабоце. Дзякуючы сумесным намаганням устаноў адукацыі, медустаноў, дэпутатаў, старэйшын колькасць сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, скарацілася з 17 у 2013 годзе да 9 у 2014, дзяцей – адпаведна з 36 да 15. Дзяцей, якія маюць патрэбу ў абароне дзяржавай, на тэрыторыі Савета няма (летась было 6).
Начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі ахарактарызаваў крымінагенную сітуацыю ў сельсавеце і наогул у раёне, расказаў, якія формы і метады работы па прафілактыцы правапарушэнняў ён лічыць найбольш эфектыўнымі.
Выступілі на адзначанай тэме дырэктар Башнёўскай СШ В. П. Зянькоў, сацыяльны педагог Шумілінскай СШ №2 Н. Я. Даніловіч.
На сесіі было разгледжана пытанне аб праграме па водазабеспячэнні і водаадвядзенні “Чыстая вада” і аб стане водазабеспячэння насельніцтва на тэрыторыі Светласельскага сельсавета. З дакладам выступіў намеснік дырэктара УП ЖКГ Шумілінскага раёна У. П. Воранаў.
Вельмі актуальным напярэдадні ацяпляльнага сезона было выступленне па пажарнай бяспецы намесніка начальніка аддзела нагляду і прафілактыкі Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях А. І. Сычова.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №70 ад 12.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *