Подворный обход населенных пунктов прошел в Сиротинском сельсовете Шумилинского района

Актуалии Президент Сельское хозяйство

Слабада хоча гарачай вады і рамонту дарог
На гэтым тыдні праводзіўся падворны абход населеных пунктаў Сіроцінскага сельсавета. Афіцыйныя госці з райвыканкама і раённых службаў размаўлялі з жыхарамі сельсавета ў іх дамах і кватэрах, на вуліцах і падворках.
Журналісту раённай газеты давялося пабываць у самым буйным населеным пункце сельсавета – аграгарадку Слабада. У росквіце пагодлівых вераснёўскіх дзён Слабада сустрэла абкошанымі тэрыторыямі, дагараючымі краскамі ў палісадніках, крамянымі яблыкамі на сагнутых да зямлі суках дрэў. Як і ўсюды такой парой, людзі тут (апроч асноўнай работы) капаюць бульбу, збіраюць грыбы, рыхтуюць салаты на зіму. Сярод агульных праблемных тэм, якія хвалююць жыхароў аграгарадка, можна выдзеліць дзве: гарачая вада і рамонт дарог. Па гарачай вадзе зараз актыўна працуюць камунальнікі, і слабадчане ўскладаюць вялікія спадзяванні на тое, што ўжо з гэтай восені ў іх з кранаў пацячэ сапраўды гарачая вада. А што датычыць рамонту дарог, то старшыня Сіроцінскага сельвыканкама С. У. Каржуеў узяў на ўлік самыя праблемныя дарожныя ўчасткі. Напрыклад, такую вымоіну, як на вуглу дома № 22 па вуліцы Прыазёрнай – у міжсезонне ў гэтай лужыне садзяцца на днішча непрывычныя да нашых дарог нізкапасадачныя іншамаркі. Прадстаўнік мясцовай улады, вядома, не абяцаў пакласці ўсюды асфальт, а вось падсыпаць пяском-гравіем, падправіць грэйдэрам – гэта магчыма.
Падчас сустрэч было нямала зададзена і прыватных пытанняў, накшталт такога: атрымлівала пенсіянерка Трафімава пятнаццаць гадоў пенсію, а ў гэтым месяцы не далі, сказалі, што прозвішча напісана ў спісе праз “о” ў першым складзе, а ў пашпарце праз “а”. На пошце запатрабавалі ксеракопію пашпарта, а калі і дзе яе рабіць, жанчына не ведае. З гэтай блытанінай адпаведныя службы разбяруцца. Узнімаліся і такія пытанні, якія жыхарам пасільна зрабіць і самім.
Дарэчы, у Слабадзе жыве многа добрых гаспадароў, у тым ліку ў шматкватэрных дамах. Звярніце, напрыклад, увагу на дом № 36 па вуліцы Прыазёрнай ці на дом №  44 па гэтай жа вуліцы – прыгожыя лавачкі, дэкатаратыўная агароджа ля пад’ездаў і мора кветак – усе гэта зрабілі самі гаспадары. Наогул, тут існуе добрая мода вырошчваць ля пад’ездаў кветкі.
Адметна і тое, што многія жыхары хвалілі работнікаў камунгасу за пастаянны абкос травы, за аператыўнае выкананне заявак. Былі, вядома, і тыя, хто скардзіўся, але ж на гэты раз больш хвалілі, што нельга не адзначыць.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №70 ад 12.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *