На сессии районного Совета депутатов рассмотрена реализация Закона «О пенсионном обеспечении»

Актуалии Президент

Пра пенсіі, працягласць жыцця і пажарную бяспеку
Пытанне “Аб рэалізацыі ў раёне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” ў парадку дня чарговай шостай сесіі раённага Савета дэпутатаў было асноўным.
І гэта не выпадкова, адзначыла, пачынаючы пасяджэнне, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, бо пенсійнае забеспячэнне тычыцца кожнага: хтосьці ўжо атрымлівае пенсію, хтосьці будзе яе атрымліваць. А пытанне пра пенсіі не выносілася на разгляд дэпутатаў больш за 15 гадоў. Па стану на 1 верасня трэць жыхароў раёна атрымлівае рознага віду пенсіі, за 8 месяцаў бягучага года пенсіянерамі сталі 267 чалавек. У раёне з улікам тых, хто працуе за межамі краіны, тых, хто не працуе часова ці сістэматычна, колькасць працуючых набліжаецца да крытычнай рысы і можа зраўняцца з колькасцю пенсіянераў. Да таго прыйдзе час, калі за пенсіяй звернуцца тыя, хто працуе зараз без афіцыйнага афармлення, хто атрымлівае зарплату за мяжой ці ў канверце. Гэтыя фактары павысяць  нагрузку на пенсійную сістэму. Таму наспеў час, калі трэба агучыць існуючыя праблемы, высветліць прычыны і назваць шляхі выпраўлення сітуацыі, зазначыла Ірына Мікалаеўна.
У рабоце сесіі браў удзел старшыня райвыканкама У. П. Куранны.
З дакладам па першым пытанні выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава. На 1 верасня ў раёне было 6263 пенсіянеры, сярэдні памер пенсіі склаў 2 мільёны 254 тысячы рублёў. 5145 чалавек атрымліваюць пенсію па ўзросце, 1038 – па інваліднасці, 288 – па страце кармільца, 66 – за выслугу гадоў, 4 – за заслугі перад краінай.
Святлана Валянцінаўна падрабязна прааналізавала сітуацыю, звярнула ўвагу на праблемныя пытанні. У прыватнасці на нізкую якасць падрыхтоўкі дакументаў на пенсію ў некаторых арганізацыях, парушэнне тэрмінаў прадстаўлення дакументаў, з-за чаго пенсіянеры губляюць істотныя сумы. У некаторых арганізацыях няма адказнага за вядзенне архіва (льнозавод, “Раднік”, “АграБаравінка”), не створаны ўмовы для захоўвання дакументаў (райспажыўтаварыства, “Сіроцінскі”, “Раднік”, “АграБаравінка”). Адсутнасць парадку ў рабоце з дакументамі прыводзіць да іх згубы, чалавек не можа пацвердзіць свой стаж. З-за адсутнасці атэстацыі працоўных месцаў работнікі губляюць льготныя пенсіі, хаця плата за атэстацыю не такая і вялікая, часам трэба толькі аформіць дакументы. Яшчэ адно праблемнае пытанне – выплата страхавых пенсійных узносаў і выплата ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Начальнік раённага аддзела ФСАН Т. П. Прэснякова ў сваім выступленні паведаміла, што даўгі ў фонд толькі сельгасарганізацый перавышаюць 12 мільярдаў рублёў: райаграсэрвіс завінаваціў 4,6 мільярда, 2,3 мільярда – “Лаўжанскае” , 1,1 мільярда – “Ульскі”,  0,7 мільярда – “Прыдзвінскі”, 0,56 мільярда – “АграБаравінка”. За Обальскім керамічным доўг у памеры 0,7 мільярда рублёў. Ёсць даўжнікі і сярод прыватных прадпрыемстваў. Зараз даўгі паступова пачалі зніжацца. Фонд працуе з прадпрыемствамі ў індывідуальным парадку, дзякуючы гэтаму ўдалося пагашаць бягучыя даўгі па тых работніках, якія ідуць на пенсію сёлета.
Дэпутат раённага Савета па Юбілейнай акрузе №6 дырэктар “Шумілінскай ПМК-70” А. Ю. Крыўко расказаў пра работу ў сваёй арганізацыі. Тут наладжана работа з пенсіянерамі, актыўна дзейнічае ветэранская арганізацыя.
Дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В. Р. Штуро паведаміла пра работу ўстановы, якая займаецца абслугоўваннем пажылога насельніцтва. Асаблівая ўвага надаецца адзінокім старым. Так, за кошт бюджэту (выдаткавана каля 50 мільёнаў) сёлета заменена электраправодка ў 5-ці дамах, адрамантаваны печкі ў 3-х, устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі 50 адзінокім пенсіянерам.
Дэпутат па Сувораўскай выбарчай акрузе № 9, загадчык паліклінікі А. Г. Віеру расказала пра медыцынскае абслугоўванне пенсіянераў. Медыкам прыходзіцца браць на сябе сацыяльную функцыю і ўтрымліваць зімой адзінокіх вяскоўцаў у лячэбных установах звыш нарматыўных тэрмінаў.   Вось і ў надыходзячую зіму неабходна змясціць у медустановы 32 чалавекі, якія не змогуць пражыць у халодны час самастойна.
Алена Георгіеўна адзначыла рост колькасці пенсій па інваліднасці. Сярод асноўных прычын такой з’явы яна назвала п’янства, якое вядзе да траўматызму і інваліднасці.
Старшыня Каўлякоўскага сельсавета Т. А. Дзятлава кіруе сельсаветам, у якім доля пенсіянераў сярод насельніцтва самая высокая ў раёне, адначасова тут найбольшая колькасць доўгажыхароў – 7 чалавек перайшлі 90-гадовы рубеж, а двое – стогадовы. Таццяна Анатольеўна расказала пра работу, якую вядуць на падведамаснай тэрыторыі з ветэранамі вайны і працы.
У прынятым рашэнні адзначаны ўзровень работы па выкананні Закона “Аб пенсійным забеспячэнні” ў раёне, вызначаны мерапрыемствы, якія трэба наладзіць для паляпшэння якасці падрыхтоўкі пенсійных дакументаў, устаноўлена персанальная адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый за выпраўленні названых недахопаў.

Заканчэнне будзе

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №73 ад 22.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *