В Шумилино проблемным подросткам предлагают спорт

Молодёжь Общество Спорт, туризм

З вуліц – у спартыўную залу
У пятніцу на гарадскім стадыёне  ў Шуміліне прайшла традыцыйная раённая спартакіяда «цяжкіх» падлеткаў. Арганізавалі мерапрыемства аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзел па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі райвыканкама, райкам ГА БРСМ, ФСК “Здароўе”,  РАУС.  У спаборніцтвах прынялі ўдзел 13-15-гадовыя школьнікі з  СШ №1, Обальскай СШ, СШ №2, Амбросавіцкай, Башнёўскай і Слабадской школ, якія стаяць на розных формах кантролю. Трынаццаць удзельнікаў мера-прыемства былі падзелены на тры каманды – СШ №1, “Юніёр” і “Вымпел”.
На ўрачыстым адкрыцці намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі райвыканкама  В. Г. Навіцкая адзначыла, што спорт можа стаць для падлетка тым дзейсным сродкам, які  зойме ўвесь яго вольны час.  Валянціна Георгіеўна пажадала, каб ўдзельнікаў такіх мерапрыемстваў з кожным разам станавілася ўсё менш, а сённяшнім удзельнікам – паказаць усё, на што здольныя.
Пачалася  спартакіяда са стомятроўкі – аднаго з этапаў мнагабор’я.  Пасля першых стартаў стала зразумела, што для некаторых падлеткаў сам удзел у такіх мерапрыемствах роўны перамозе. Хаця, трэба адзначыць, што былі і такія, што адразу паказалі добрыя спартыўныя вынікі.
Як адзначыла кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Імпульс” С. В. Бельчыкава, у якім займаюцца «цяжкія» падлеткі: “Спартыўныя клубы цікавы падлеткам, спорт іх зацягвае і ў іх проста не застаецца часу на парушэнні. На сённяшняй спартакіядзе з пяці шумілінскіх ўдзельнікаў трое займаюцца ў нас”.
З кожным новым этапам станавілася ўсё больш вострай барацьба. Цікава было паназіраць за ўдзельнікамі на паласе перашкод. Няўменне, недахоп фізічнай падрыхтоўкі спартсмены кампенсавалі сваім азартам і жаданнем перамагчы.
Многім не так лёгка даўся комплекс сілавых практыкаванняў (другі этап мнагабор’я). Можна сказаць, што прайграўшых не было, у кожнага з удзельнікаў была свая перамога.
А вось канат – упрыгожанне спартакіяды. Юныя спартсмены падыходзілі да апошніх спаборніцтваў са шкадаваннем. Адны прызнаваліся, што толькі ўвайшлі ў спартыўны азарт, а тут – апошні старт. Другія казалі, што незадаволены ў першую чаргу сабой, сваімі вынікамі. І практычна ўсе казалі, што абавязкова пойдуць у спартзалу.
Перамог у сёлетняй спартакіядзе “Юніёр”, каманда СШ №1 – на другім месцы, “Вымпел” – на трэцім.
Па выніках спартакіяды сфарміравана каманда нашага раёна для ўдзелу ў абласной спартакіядзе, якая пройдзе ў Аршанскім раёне.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 75 ад 30.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *